«Пра каштоўнасьці і каштоўныя камяні» – прэзентацыя «Сямі камянёў»
- Автор Пресс-центр ВЕЛФ
18 чэрвеня ў менскім клубе IMAGURU ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» адбылася прэзентацыя рамана Аляксея Шэіна «Сем камянёў». Паслухаць пра гісторыю напісаньня першага беларускага хрысьціянскага фэнтэзі сабралася блізу 60 чалавек.
«Вечар распачала неверагодная Кацярына Ваданосава, гралі музыкі – дзьве гітары, цымбалы, флейта. Урыўкі з рамана чыталі акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і Сяргей Рудзеня, і наогул было так атмасферна, што маё дзіця пачало чытаць першае беларускае высокае фэнтэзі проста ў электрычцы. І гэта ўлічваючы наяўнасць рыдара з Гары Потэрам у мамінай сумцы», – дзеліцца ўражаньнямі літаратурны аглядальнік velvet.by Ганна Севярынец.

«Аляксей Шэін аказаўся харызматычным аўтарам і вядоўцам; дасьціпна, нязмушана, без залішняга пафасу, але ўзьнёсла расказаў пра каштоўнасьці і каштоўныя камяні, пра мары і мэты», – піша адна са стваральніцаў сайта dzietki.org Крысьціна Вітушка.

Сем Камянёў — гэта ключ да таямніцы жывой вады, якая вылечвае ад любых хваробаў. Ключ стварыў добры валадар старажытнай Эферыі яе залатога веку — Справядлівы Магнус. Сем Камянёў далі сямі найлепшым сем’ям, кожная зь якіх мела найлепшы талент у адной са сфераў. Таямніцу Сямі Камянёў можа раскрыць толькі адзін — той, каго старажытныя летапісы называюць Дастойным. Хлопец Ясь, які апынуўся ў дзівоснай краіне Эферыі, спрабуе разгадаць схаваную ў вяках загадку крышталяў, каб выратаваць жыцьцё сваёй сяброўкі і вызваліць Эферыю ад прыгнёту злога самазванца.

Удзельнікі прэзентацыі мелі магчымасьць паўдзельнічаць у віктарыне на веданьне літаратуры і мовы, прыдумаць слоган, які заахвочваў бы людзей чытаць беларускую літаратуру, а таксама выйграць цікавыя прызы ад кампаніі «Будзьма беларусамі!» і атрымаць аўтограф аўтара на памяць.

Для дзяцей былі арганізаваныя асаблівыя забаўкі: майстар-клас па вырабе кніжных закладак ад Таццяны Крыцкай і Віталя Саболькі (ініцыятыва «Альтанка для чытанкі»), акрамя таго дзеткі маглі сфатаграфавацца зь дзіцячымі рыцарскімі дасьпехамі і ўпрыгожаньнямі для юных дам.
Аўтар, пішы яшчэ!

