Адбыўся Эўрапейскі Лідарскі Форум-2015
- Аўтар Пресс-центр ВЕЛФ
29 траўня - 4 чэрвеня ў горадзе Вісла (Польшча) адбыўся 13-ы штогадовы Эўрапейскі Лідарскі Форум. Сёлета Форум сабраў больш за 700 эвангельскіх лідараў і служыцеляў з 44 краінаў. Апроч эўрапейскіх краінаў у працы Форуму ўзялі ўдзел прадстаўнікі Злучаных Штатаў Амэрыкі, Шры-Ланкі, Японіі і інш.
Праца Форуму адбывалася ў межах 17 асноўных сэкцыяў і шэрагу падсэкцыяў. Тэматыка сэкцыяў і падсэкцыяў ахоплівае практычна усе сферы жыцьця Царквы і грамадзтва (апалягетыка, пропаведзь, філязофія, палітыка і грамадзтва, стварэньне цэркваў, вучнёўства, эвангелізацыя, служэньне для мусульманаў і інш.).

Атмасфэра Форуму была напоўнена сустрэчамі, пропаведзямі і супольнымі малітвамі. На пленарных сэсіях прапаведаваў служыцель са Шры-Ланкі Аіт Фэрнанда, які доўгі час займаўся моладзевым служэньнем і навучаньнем прапаведнікаў. Тэмай ягоных казаняў была адбудова муроў Ерусаліму паводле Кнігі прарока Нэеміі. Арроч яго на пленарных сэсіях прапаведавалі Дыяна Лангсбэрг, Лайф Нумэла, Майкал Ог і Пітэр Ўільямс.

У час Форуму былі нацыянальныя вячэры, калі прадстаўнікі кожнай краіны, якія ўдзельнічалі ў Форуме зьбіраліся разам і вызначалі галоўныя нацыянальныя праблемы і малітоўныя патрэбы сваіх народаў. Многія прадстаўнікі ўсходнеэўрапейскіх народаў выказвалі агульную патрэбу ў малітве за Ўкраіну, за яе пасьпяховую дэкамунізацыю і ўмацаваньне хрысьціянскіх каштоўнасьцяў ва ўкраінскім народзе.

Форум 2015 г. прайшоў пад знакам супрацоўніцтва розных эўрапейскіх цэркваў і служэньняў у справе адраджэньне хрысьціянскага духу і ўплыву хрысьціянства ў Эўропе. Гэта асабліва важна зважаючы, што ў 2017 г. адзначаць 500-годзьдзе Рэфармацыі ў Эўропе.