Menu
RSS
logo
Вы тутГалоўная/Рэсурсы секцый/Апалагетыка/К.С.Льюіс «Проста хрысьціянства» [анонс кнігі]

К.С.Льюіс «Проста хрысьціянства» [анонс кнігі]

К.С.Льюіс «Проста хрысьціянства» [анонс кнігі]

Хрыстос прайшоў праз дасканалую капітуляцыю і дасканалую пакору; яны былі дасканалымі, таму што Ён - Бог; яны былі капітуляцыяй і пакорай, таму што Ён быў Чалавекам. Хрысьціянская вера заяўляе, што, калі мы нейкім чынам падзелім пакору і пакуты Хрыста, мы станем саўдзельнікамі Яго перамогі над сьмерцю і здабудзем новае жыцьцё пасля таго, як памром. І ў гэтым новым жыцьці мы будзем дасканалымі і цалкам шчасьлівымі стварэньнямі.

Усё гэта, аднак, прадугледжвае нешта значна большае, чым нашыя спробы прытрымлівацца Яго вучэньня. Людзі часта задаюць пытаньне, калі ж надыйдзе наступны этап эвалюцыі, на якім паўстане новае істота, вартая значна большага, чым чалавек. Але з хрысьціянскага гледзішча гэты этап ужо наступіў. Новы від чалавека паўстаў у Хрысьце; і новая форма жыцьця, якая пачалася ў ім, павінна быць закладзеная ў нас.

Як жа атрымаць гэтае новае жыцьцё? Успомніце, перш за ўсё, як мы з вамі атрымалі наша жыцьцё ў ягонай звычайнай форме. Мы атрымалі ў спадчыну яго ад іншых, ад нашага бацькі і маці і ўсіх нашых продкаў, без нашай згоды і пры дапамозе вельмі цікавага працэсу, які ўключае ў сябе задавальненьне, боль і небясьпеку. Такі працэс вы ніколі б не здолелі выдумаць самі. У дзяцінстве многія з нас доўгія гады імкнуцца разгадаць яго. Некаторыя зь дзяцей, калі ім упершыню распавядаюць пра гэты працэс, спачатку адмаўляюцца верыць, і я не магу іх асуджаць, гэта сапраўды вельмі дзіўны працэс.

Той самы Бог, Які яго спланаваў, спланаваў і працэс распаўсюджваньня новага жыцьця - жыцьця ў Хрысьце; і мы павінны быць гатовыя да таго, што гэта таксама дзіўны працэс. Бог не раіўся з намі, калі вынаходзіў сэкс. Ён не раіўся з намі і тады, калі вынаходзіў шляхі выратаваньня.

Тры рэчы распаўсюджваюць жыцьцё Хрыста ў нас: хрышчэньне, вера і таямніца, якую розныя хрысьціяне называюць па-рознаму - сьвятое прычасьце, імша, ламаньне хлеба. Ва ўсякім разе, гэтыя тры рэчы зьўляюцца звычайнымі метадамі. Я не кажу, што не можа быць асаблівых выпадкаў, калі Хрыстос і Яго жыцьцё распаўсюджваюцца без аднаго (ці больш) з гэтых актаў. У мяне недастаткова часу, каб паглыбіцца ў гэтыя асаблівыя выпадкі, да таго ж я не знаёмы зь імі ў дастатковай ступені.

cena

Калі вы імкнецеся ў некалькі хвілін растлумачыць чалавеку, як дабрацца да Эдынбурга, вы параіце яму сесьці ў цягнік. Ён можа, праўда, дабрацца туды параходам ці самалётам, але вы наўрад станеце ўзгадваць пра гэта. І я нічога не кажу пра тое, якая з згаданых трох рэчаў - самая істотная. Мой сябар метадыст захоча, каб я больш сказаў пра веру і менш - пра двух астатніх братоў. Але я не буду ў гэта паглыбляцца. Любы чалавек, які навучыць вас хрысьціянскай дактрыне, скажа вам, каб вы зьвярнуліся да ўсіх трох. І гэтага ў дадзены момант для нас дастаткова.

Я сам асабіста не бачу, якім чынам гэтыя тры рэчы могуць быць праваднікамі новага жыцьця. Але і спасьцігнуць нейкую сувязь паміж фізічным задавальненнем і зьяўленьнем у сьвет новага чалавека таксама няпроста. Нам застаецца прымаць рэчаіснасьць такой, якая яна ёсьць. Няма сэнсу без канца разважаць пра тое, якой яна павінна быць ці чаго мы маглі б ад яе чакаць. І хоць я не бачу, чаму гэта павінна быць так, я магу сказаць вам, чаму я веру, што гэта сапраўды так.

Я ўжо патлумачыў, чаму мне даводзіцца верыць, што Ісус быў (і ёсьць) Бог. І гэта гістарычны факт - Ён вучыў Сваіх пасьлядоўнікаў, што новае жыцьцё перадаецца менавіта гэтым шляхам. Іншымі словамі, я веру ў гэта, абапіраючыся на аўтарытэт Хрыста. Не палохайцеся, калі ласка, слова «аўтарытэт». Верыць, абапіраючыся на чыйсьці аўтарытэт, азначае толькі, што вы верыце ў нейкую рэч, таму што вам сказаў пра яе той, каго вы лічыце абсалютна вартым даверу. Дзевяноста дзевяць адсоткаў таго, чаму вы верыце, заснавана на даверы аўтарытэту.

Я веру, што існуе такое месца, як Нью-Ёрк. Я сам яго ніколі не бачыў. Я не магу даказаць яго існаваньне з дапамогай абстрактных аргументаў. Я веру ў гэта, таму што чуў пра яго існаваньне ад людзей, вартых даверу. Звычайны чалавек верыць у сонечнае сістэму, атамы, эвалюцыю і крывазварот, абапіраючыся на сьцьвярджэньні навукоўцаў, на іх аўтарытэт. Ды і ўсе нашыя зьвесткі з вобласьці гісторыі - адкуль мы іх чэрпаем, як не са сьцьверджаньняў гісторыкаў, аўтарытэту якіх мы давяраем? Бо ніхто з нас не быў сьведкам нарманскіх заваёў або паразы Напалеона пры Ватэрлоо!

Ніхто з нас не можа даказаць іх чыста лагічна, як даказваюцца тэарэмы ў матэматыцы. Мы верым у гэтыя факты проста таму, што людзі, якія былі сьведкамі іх, пакінулі нам свае запісы; іншымі словамі, мы верым у іх, абапіраючыся на аўтарытэт гэтых запісаў і іх аўтараў. Чалавеку, які стаў бы аспрэчваць аўтарытэты ў іншых галінах, як некаторыя аспрэчваюць і адпрэчваюць аўтарытэт у рэлігіі, прыйшлося б да канца сваіх дзён застацца невукам.

Не думайце, калі ласка, што я выступаю за хрышчэньне, веру і сьвятое прычасьце як за нейкія заменьнікі вашых уласных намаганьняў насьледаваць Хрыста. Вы атрымалі вашае натуральнае жыцьцё ад сваіх бацькоў. Гэта не значыць, што яно застанецца пры вас, калі вы не будзеце намагацца ўтрымаць яго. Вы можаце страціць яго з-за сваёй бестурботнасьці або пазбавіцца яго, зьдзейсьніўшы самагубства.

Вы павінны сілкаваць вашае жыцьцё, беражліва ставіцца да яго. Але заўсёды пры гэтым памятайце, што вы не ствараеце, а толькі захоўваеце тое жыцьцё, якое вы атрымалі ад кагосьці іншага. Сапраўды гэтак жа хрысьціянін можа страціць жыцьцё Хрыста, калі не будзе прадпрымаць пэўных намаганьняў, каб захаваць яго. Але і самы лепшы хрысьціянін з тых, што жылі на зямлі, толькі сілкуе і абараняе тое жыцьцё, якое ён ніколі не здолеў бы атрымаць коштам уласных намаганьняў. З гэтага выцякаюць практычныя высновы.

Пакуль вашае натуральнае жыцьцё знаходзіцца ў вашым целе, яно шмат спрыяе падтрыманьню гэтага цела і аднаўленьню яго нармальных функцый. Парэжцеся - і парэзанае месца зажыве; калі цела мёртвае, гэтага ніколі не здарыцца. Жывое цела схільнае да пашкоджанняў, але да пэўнай ступені яно здольнае сябе рамантаваць.

Так і хрысьціянін зусім не чалавек, які ніколі не паступае няправільна; гэта чалавек, які здольны каяцца, зьбірацца з духам і пасьля кожнага спатыкненьня пачынаць усё нанова, таму што ўнутры яго дзейнічае жыцьцё Хрыстова: гэта менавіта яно і аднаўляе («рамантуе») яго пастаянна, даючы здольнасьць зноў і зноў (да пэўнай ступені, вядома) праходзіць праз падабенства добраахвотнай сьмерці, празь якую прайшоў і Сам Хрыстос.

Вось чаму хрысьціяне адрозьніваюцца ад іншых людзей, якія намагаюцца быць добрымі. Гэтыя людзі сваімі намаганьнямі спадзяюцца дагадзіць Богу, калі Ён існуе, а калі, на іх думку, Яго няма, яны, па меншай меры, спадзяюцца здабыць ухвалу іншых добрых людзей. Хрысьціянін жа лічыць, што ўсё добрае, што ён робіць, зыходзіць ад Хрыстовага жыцьця, паселенага ў ім. Ён не думае, што Бог будзе любіць нас, таму што мы добрыя, але што Бог зробіць нас добрымі, таму што любіць нас; сапраўды гэтак жа дах цяпліцы не прыцягвае сонца з-за таго, што ён блішчыць; наадварот, ён блішчыць з-за таго, што на яго падаюць сонечныя прамяні.

zhenschinuy

І дазвольце мне патлумачыць сёе-тое яшчэ. Калі хрысьціяне кажуць, што яны маюць у сабе жыцьцё  Хрыста, яны ня маюць на ўвазе чагосьці разумовага або маральнага. Калі яны кажуць аб знаходжаньні «ў Хрысьце» або аб знаходжаньні Хрыста «ў іх», гэта ня значыць, што яны проста думаюць пра Хрыста ці імкнуцца Яго насьледаваць. Яны маюць на ўвазе, што Хрыстос на самой справе дзейнічае празь іх: што ўсе хрысьціяне разам утвараюць зь сябе адзіны арганізм, празь які дзейнічае Хрыстос, што мы Ягоныя пальцы, мускулы, клеткі Ягонага цела.

Магчыма, у гэтым - тлумачэньне адной або дзьвюх рэчаў. Чаму новае жыцьцё перадаецца не толькі з дапамогай разумовых, душэўных актаў, такіх, як вера, але і з дапамогай такіх, у якіх мы ўключаны цялесна, - праз хрышчэньне і сьвятое прычасьце? Усімі гэтымі актамі прадугледжана не адна толькі перадача ідэі; хутчэй гэта нагадвае эвалюцыю - нейкі біялагічны або сверхбіялагічны факт. Зрабіць чалавека істотай чыста духоўнай Бог ніколі ня меў намеру. Вось чаму Ён выкарыстоўвае такія матэрыяльныя рэчы, як хлеб і віно, каб ўкласьці ў нас новае жыцьцё. Нам можа гэта здацца чымсьці прымітыўным і недухоўным. Але Бог так ня лічыць. Ён вынайшаў ежу. Ён любіць матэрыю. Ён вынайшаў яе.

Для мяне была загадкай яшчэ адна рэч. Ці не праўда, жудасная несправядлівасьць, што гэтым новым жыцьцём надзяляюцца толькі тыя, хто меў магчымасьць пачуць пра Хрыста і паверыць у Яго? Аднак Бог не сказаў нам, што Ён зьбіраецца рабіць з астатнімі людзьмі. Мы ведаем, што ні адзін чалавек ня можа выратавацца інакш, як праз Хрыста, але нам не сказана, што толькі тыя, якія ведаюць Яго, могуць выратавацца празь Яго. Так ці інакш, калі вас хвалюе лёс тых, хто застаецца за бортам, самым неразумным было б заставацца там самому.

Хрысьціяне - гэта цела Хрыста, арганізм, празь які Ён дзейнічае. Ўсялякае далучэньне да Ягонага цела дазваляе Яму рабіць больш. Калі вы хочаце дапамагчы тым, хто за бортам, вы павінны дадаць сваю ўласную маленькую клетку да цела Хрыста, Які Адзін ва ўсім Сусьвеце здольны дапамагчы ім. Імкнучыся павялічыць прадуктыўнасьць працы, даволі дзіўна адразаць пальцы на руцэ.

Іншае магчымае пярэчаньне ў наступным. Чаму Бог сыходзіць на акупаваную ворагам тэрыторыю інкогніта і засноўвае свайго роду таемнае таварыства, каб адолець д'ябла? Чаму Ён не сыходзіць ў сіле, каб заваяваць тэрыторыю? Можа быць, Ён недастаткова моцны?

Што ж, хрысьціяне лічаць, што Ён і сыдзе ў сіле, толькі мы ня ведаем гэтага часу. Аднак мы можам здагадвацца, чаму Ён марудзіць. Ён хоча даць нам магчымасьць стаць на Ягоны бок добраахвотна. Я не думаю, што мы з вамі паставіліся б зь вялікай павагай да таго француза, які чакаў бы, пакуль арміі саюзных дзяржаў акупуюць  Нямеччыну, і толькі тады заявіў бы, што ён на нашым баку.

Бог заваюе гэты сьвет. Але мне цікава ведаць, ці разумеюць па-сапраўднаму тыя людзі, якія просяць у Бога адкрытага і прамога ўмяшаньня ў справы нашага сьвету, што адбудзецца, калі гэта здарыцца. Бо гэта будзе канец сьвету. Калі аўтар выходзіць на сцэну, гэта значыць, што сьпектакль скончаны.

Бог зьбіраецца заваяваць гэты сьвет; але якая для вас будзе карысьць казаць, што вы на Ягоным баку, тады, калі на вашых вачах будзе плавіцца і зьнікаць увесь матэрыяльны Сусьвет? Нешта, пра што вы ніколі не задумваліся, ўвойдзе ў наш сьвет, ламаючы ўсё на сваім шляху; нешта гэтак выдатнае для адных і такое жахлівае для іншых, што ні ў каго з нас ужо не застанецца ніякага выбару.

На гэты раз Бог прыйдзе не інкогніта; гэта будзе з'ява такой небывалай сілы, што ў кожнай істоце яна выкліча альбо непераадольную любоў, альбо непераадольны жах. Але выбіраць, на чыім вы баку, будзе тады занадта позна. Бессэнсоўна казаць, што вы аддалі перавагу легчы, калі ўстаць аказалася немагчыма. Гэта не будзе час выбару; гэта будзе час, калі нам стане зразумела, чый бок мы абралі, незалежна ад таго, ўсьведамлялі мы гэта ці не.

Цяпер, сёньня, у гэты самы момант, у нас яшчэ ёсьць магчымасьць зрабіць правільны выбар. Бог чакае, каб даць нам яе. Але гэта не будзе доўжыцца вечна. Мы павінны прыняць яе альбо адкінуць.

Klajv Stejplz Lyuis  Prosto hristianstvo Спампаваць кнігу К.С.Льюіса «Проста хрысьціянства»

уверх