Апостал Рэфармацыі: Мікалай Радзівіл Чорны
- Аўтар Пресс-центр ВЕЛФ
Мікалай Радзівіл Чорны нарадзіўся ў Нясьвіжы 4 лютага 1515 году. Рана застаўшыся бяз бацькі, ён разам з малодшым братам Янам і сястрой Ганнай быў узяты на выхаваньне на каралеўскі двор у Кракаў. У Кракаве малады магнат вучыўся ва ўнівэрсытэце, а таксама набываў веды, неабходныя для дзяржаўнага дзеяча, назіраючы палітычнае жыцьцё польскай сталіцы.
Мянушку "Чорны" Мікалай атрымаў крыху пазьней з-за колеру сваёй барады, чым адрозьніваўся ад свайго стрыечнага брата, вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога.
Славуты ў Вялікім Княстве магнацкі род Радзівілаў заўсёды славіўся сваім патрыятызмам. Ня быў выключэньнем і Мікалай Чорны. У гэты час палітычнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага перажывала застой, выкліканы шматгадовай адсутнасьцю вялікага князя Жыгімонта Старога ў дзяржаве, які наведваў Вільню раз на некалькі год, астатні час жывучы ў Кракаве.
Мікалай Радзівіл, бачачы, як дзяржава гібее без адпаведнага лідарства, прапанаваў беларускім магнатам зьвярнуцца да Жыгімонта Старога з просьбай аб перадачы рэальнай улады ў Княстве сыну караля, Жыгімонту Аўгусту, які ў 1529 г. быў ужо фармальна абраны і на польскі, і на літоўскі трон. Гэтая прапанова Чорнага патрапіла на добрую глебу, і восеньню 1544 г. на Берасьцейскім сойме Жыгімонт Аўгуст дэ-факта становіцца ўладаром Вялікага Княства Літоўскага.
Замак Радзівілаў у Нясьвіжы
Трыццацігадовы Мікалай Радзівіл стаў галоўным дарадцам і правай рукой вялікага князя, зь якім яго зьвязвалі доўгія гады сяброўства яшчэ з часоў знаходжаньня ў Кракаве пры каралеўскім двары. Гэтая пазыцыя Чорнага была замацаваная пасадаю вялікага маршалка, найважнейшай пасьля канцлера пасадай у Вялікім Княстве, якую надаў свайму сябру Жыгімонт Аўгуст. Да кампэтэнцыі маршалка належала судовая ўлада вышэйшай інстанцыі і пытаньні зьнешняй палітыкі краіны.
На працягу некалькіх наступных гадоў Мікалай Радзівіл Чорны становіцца некаранаваным каралём Літвы. У яго руках засяродзіліся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краіны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялікага Княства, а яшчэ праз год атрымаў віленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве).
Улічваючы, што Жыгімонт Аўгуст большасьць часу знаходзіўся ў Польскім Каралеўстве, фактычная ўлада ў краіне была сканцэнтраваная ў руках Мікалая Радзівіла.
Але ня толькі палітычная кар'ера цікавіла князя Мікалая. Час імклівага ўзвышэньня быў адначасова пэрыядам складаных духоўных пошукаў. Рэфармацыя, якой жыла Эўропа XVI стагодзьдзя, не магла пакінуць абыякавым Мікалая Радзівіла. Упершыню ён сутыкнуўся зь ідэямі аднаўленьня хрысьціянства пад час вучобы, калі выяжджаў у Нямеччыну для завяршэньня сваёй адукацыі. Вярнуўшыся ў Вільню, малады магнат пазнаёміўся зь віленскімі лютаранамі. У гэты час ён блізка сыйшоўся з Абрагамам Кульвай, палымяныя пропаведзі якога выклікалі ў маладога Радзівіла захапленьне ягонай верай і ягонай перакананасьцю.
Калі ў 1542 г. Кульва, ратуючыся ад перасьледваньняў, выехаў у Каралявец, дзе стаў прфэсарам у тамтэйшым унівэрсытэце, Мікалай Чорны заапекаваўся хворай маці аднаго зь першых прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вільні.
У 1551 годзе раптоўна памірае стрыечная сястра Мікалая Радзівіла, каралева Барбара. Празь некалькі месяцаў адыходзіць у вечнасьць малодшы брат Ян. Сьмерць блізкіх людзей заўсёды прымушае чалавека думаць аб сэнсе жыцьця... Мікалай Чорны затрымаўся ў сваёй дзейнасьці. «Чалавек - як трава, і ўсякая слава ягоная - як краска травы, засохла трава, і краска апала; але Слова Госпада трывае вечна», - прыйшлі на памяць словы зь Бібліі, якая з новай сілай пачала прыцягваць да сябе князя Мікалая.
Шукаючы адказу на свае пытаньні, Мікалай Чорны зьвяртаўся да збораў вялікакняскай бібліятэкі, у якой знаходзілася шыкоўная Біблія ў перакладзе Лютара зь яго ўласным прысьвячэньнем Жыгімонту Аўгусту, камэнтар Кальвіна да Пасланьняў апостала Паўла, прысьвечаны вялікаму князю літоўскаму, мноства эвангельскай літаратуры, асабліва той, што друкавалася ў Караляўцы па загаду прускага герцага Альбрэхта. Князя Мікалая глыбока ўзрушыў палымяны «Зварот да хрысьціянскай шляхты нямецкай нацыі» Лютара, прымусілі сур'ёзна задумацца «Хрысьціянскае выхаваньне» Кальвіна, іншыя творы айцоў Рэфармацыі.
Вясною 1553 году Мікалай Чорны з пасольствам выправіўся да імпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску Рэфармацыі, віленскі ваявода глядзеў на яе іншымі вачыма. Ён і раней быў у гэтых мясьцінах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мікалай Радзівіл канчаткова акрэсьліў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысьціяніна.
Вярнуўшыся ў Вільню, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода князь Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвесьціў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага ідалапаклонства, і што закладае кальвінскую царкву ў сваім палацы на Лукішках, запрашаючы туды ўсіх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую.
Віленскага ваяводу глыбока ўзрушылі творы Жана Кальвіна, яго бачаньне хрысьціянскага жыцьця як служэньня ўсемагутнаму Богу, разуменьне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўніць сваё прызначэньне. Князь Мікалай знайшоў у жэнеўскага рэфарматара адказы на шматлікія пытаньні, як асабістыя, так і тыя, што хвалявалі яго як аднаго з кіраўнікоў дзяржавы.
У тым жа годзе Мікалай Чорны выдаў сваім коштам у Берасьці катэхізм хрысьціянскай веры для простага народу. Адначасова ва ўсіх сваіх вялізарных уладаньнях ён адкрывае новыя цэрквы, ці, як іх тады называлі, зборы, дзе зьбіраліся месьцічы і шляхта слухаць пропаведзь Слова Божага. Віленскі ваявода не шкадаваў ні сілаў, ні сродкаў, каб распаўсюдзіць веру ў жывога Бога па ўсім Вялікім Княстве. Яго марай было зрабіць кальвінізм пануючым веравызнаньнем у нашай краіне.
Кальвінскі збор у Смаргоні
Празь некалькі гадоў у прадмове да кнігі «Навучаньне аб сапраўдным і фальшывым пакаяньні», зьвернутай да Мікалая Чорнага, Лаўрын Дыскордыя пісаў:
«Бо гэта яўна кожнаму, і ня толькі ў Княстве Літоўскім, што як толькі Госпад Бог у Сваёй міласэрнасьці Сваё слова і праўдзівую навуку перад вачыма гэтага сьвету выявіў і аб'явіў, адразу Вашая княская міласьць раней за іншых Слова Божае і сапраўдную хвалу Ягоную за справай Духа Сьвятога ўзьлюбіў і моцна ўхапіўся, і ня толькі сам, але як сапраўдны апостал або другі Карнэль, прывёў да гэтага многіх.... І цяпер кожны яўна бачыць і чуе, што практычна ўсе знакамітыя дамы ў Княстве Літоўскім, і ў Жамойці, і на Русі, гледзячы на прыклад і напаміны Вашай княскай міласьці, часта слухаючы Слова Божае ад сваіх прапаведнікаў, прыйшлі і сёньня надалей прыходзяць, паводле волі і міласэрнасьці Божай, да пазнаньня Слова Ягонага».
Мікалай Чорны зь вялікім энтузыязмам падтрымліваў кожную ініцыятыву рэформы царквы ў Вялікім Княстве. Аднак задача, якую паставіў сабе віленскі ваявода, не была простай, ня гледзячы на тое, што ён меў вялізарную ўладу і немалыя сродкі. Сутыкаючыся з рознымі праблемамі ў ажыцяўленьні пераўтварэньняў, князь Мікалай вёў сталую перапіску зь нямецкімі і швайцарскімі рэфарматарамі: Кальвінам, Булінгерам, Вольфам, Мэлянхтонам, і раіўся зь імі ў шматлікіх практычных і багаслоўскіх пытаньнях.
У 1556 годзе ўся Эўропа чытала адказ Мікалая Радзівіла Чорнага на адкрыты ліст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёіза Ліпамана. У студзені гэтага году нунцы ў сваім лісьце абвінаваціў віленскага ваяводу ў спрыяньні вераадступніцтву і скрытыкаваў ягоныя погляды, заклікаючы вярнуцца да каталіцкай царквы. Адказ Мікалая Чорнага, напісаны на лаціне і выданы ў Караляўцы ў кастрычніку таго самага году, стаў сваеасаблівай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыі.
Віленскі ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялікага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскіх цэркваў у краіне.
Перш за ўсё Мікалай Чорны абверг канцэпцыю паўсюднасьці ўлады папы рымскага: "Мы цалкам згодныя з тым, што каралеўства Хрыстова мусіць быць, адпаведна са Сьвятым Пісьмом, пашырана па ўсёй зямлі, ад мора і да мора, ад усіх рэк і аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусім не такое, як імпэрыя Кіра ці Аляксандра, ці Цэзара Аўгуста, якія славіліся сваімі незьлічонымі багацьцямі. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасьць людзей, дзе няма багацьцяў. Сам Хрыстос гаварыў: "Каралеўства Маё ня ёсьць падобным да гэтага сьвету"".
Далей віленскі ваявода выказаў праграму сваіх дзеяньняў дзеля рэформы царквы: "Закладаючы ў сваіх уладаньнях і там, куды сягае мая улада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртаньня сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскіх прыдумак і ідалапаклонства.
Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра, і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі... Пры кожным, у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсьць прапаведніцкая катэдра, зь якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі Скота, Эка, Пігіуса, Віцэліуса і да іх падобных, але сапраўднае Слова Божае...
Нашыя прапаведнікі добра ведаюць праўдзівую навуку Хрыстовую і прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнігі, якія сам чытаю і іншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што іх папскі пасол зганіў. Яны адкрываюць людзям праўдзівае Эвангельле. Некаторыя з тых кнігаў я сваім коштам друкаваў і друкаваць буду...
Мы, прытрымліваючыся старых канонаў, апостальскіх прыказаньняў і навукі іншых сьвятых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былі разлучаныя з жанчынамі, што і Сьвятое Пісьмо раіць...
Найсьвяцейшая і найдастойнейшая сьвятасьць цела і крыві Госпада майго Ісуса Хрыста, якая ўстаноўленая Ім Самім і праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна і для нас сьвяцейшая за ўсе іншыя рэчы і няма ніякага ідалапаклоньніцтва, калі спаўняецца праўдзіва і сваім парадкам.
Госпадзе Божа, зрабі так, каб мы, адкінуўшы ўсе недарэчныя прыдумкі, зьвярнуліся ўрэшце да служэньня, што было прынята апосталамі і існавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага і Васіля, а ў лацінскай - у часы Амброзія, Гераніма і Аўгустына".
Асобна князь-рэфарматар спыніўся на пытаньні мовы ў царкве: "Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы хвалу, малітвы і падзякі Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павінны рабіць тое з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чыніць, абавязкова ведаў мову і спасьцігаў сэнс сказанага.
Калі ж набажэнства адбываецца на лаціне, ці на грэцкай, ці на якой іншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён і рады быў бы шчыра маліцца Госпаду Богу і хваліць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца і розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваіх словаў і сутнасьці ўчынкаў.
Менавіта з гэтае прычыны я так лічу: на якой мове кожны народ здольны спасьцігаць таямніцы Слова Божага, на той мове трэба праводзіць сьвятыя царкоўныя набажэнствы".
Папскі пасол заявіў, што адной з рысаў прававернасьці каталіцкай царквы ёсьць факт, што яна аб'ядноўвае большасьць хрысьціянаў, дык сумніўна, што ў такім малым зборы, да якога належыць віленскі ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мікалай Чорны не абмінуў увагаю і гэты закід, заявіўшы, што сапраўдная царква прапаведуе праўдзівае Эвангельле: "Ад пачаткаў сьвету праўдзівая вера, празь якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасьці, уцісканая. Падобна дзеецца і сёньня. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як сьвяты...
Я апякуюся добрымі і пачцівымі прапаведнікамі, якія надзвычай дасьведчаныя ў сапраўднай навуцы і добрых звычаях і ведаюць праўдзівае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду і распавядаюць пра вечнага і несьмяротнага Бога і Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзінага Сына Ісуса Хрыста, і перададзеную праз апосталаў".
Дзеля ўкараненьня ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, Мікалай Радзівіл Чорны пачаў паўсюль арганізоўваць эвангельскія цэрквы. Сьледам за Берасьцем і Вільняй кальвінскія зборы паўстаюць у Нясьвіжы, Клецку, Іўі, Койданаве, Воршы. Іншыя магнаты дзейнічалі па прыкладзе віленскага ваяводы. Князі Пронскія заснавалі збор у Іказьні, Кішкі - у Венгрове, Дарагастайскія - у Ашмянах, і так у мностве гарадоў і мястэчак па ўсей Беларусі.
Дзейнасьць пастароў не абмяжоўвалася толькі правядзеньнем служэньняў і прапаведваньнем на іх. Мікалай Чорны прагнуў, каб хрысьціяне сталіся авангардам нацыі, таму вялікую ўвагу надаваў адукацыі. Дзякуючы яго намаганьням пры кожным зборы былі адчынены пачатковыя школы, у якіх маладыя людзі вучыліся чытаньню, пісьму, а таксама асновам хрысьціянскай веры. Практычна ўся будучая эліта Вялікага Княства, тыя людзі, якія вызначалі жыцьцё краіны аж да пачатку XVII стагодзьдзя, вучыліся менавіта ў такіх школах. Кальвінскія школы, маючы прынцыпова іншую сыстэму навучаньня, давалі значна лепшую адукацыю, чым каталіцкія школы таго часу, і гэтым таксама спрыялі хуткаму распаўсюджваньню Рэфармацыі.
Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным адначасова са зборам, у канцы XVI ст. прэтэндавала на ступень акадэміі, але з-за моцнага супрацьдзеяньня каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы гэты праект не атрымалася рэалізаваць.
Адзін з галоўных дзеячоў рэфарматарскага руху ў Вялікім Княстве, князь Мікалай Радзівіл, выдатна разумеў неабходнасьць кнігавыдавецкай дзейнасьці для посьпеху Рэфармацыі ў краіне. Ён бачыў, як менавіта дзякуючы друкаванаму слову ідэі Лютара і Кальвіна сталі вядомымі ўсёй Эўропе і сур'ёзна паўплывалі на жыцьцё народаў. Таму амаль адначасова са зборам на замку ў Берасьці віленскі ваявода заклаў друкарню, у якой сваім коштам друкаваў разнастайную эвангельскую літаратуру: катэхізмы, сьпеўнікі, падручнікі, палемічныя творы, камэнтары да Бібліі.
Фрагмент вокладкі Радзівілаўскай Бібліі
Урэшце у 1563 годзе Мікалай Радзівіл Чорны ажыцявіў грандыёзны выдавецкі праект - пераклад і выданьне Бібліі на польскай мове. Жывая размоўная мова жыхароў Вялікага Княства была ў сваёй лексіцы больш падобнай да польскай мовы, чым да царкоўнаславянскай, таму гэтае выданьне было патрэбнае ня толькі хрысьціянам Польскага Каралеўства, але магло быць выкарыстана і ў шматлікіх зборах у Вялікім Княстве. Віленскі ваявода запрасіў да сябе вядомых вучоных хрысьціянаў, знаўцаў гебрайскай і грэцкай моваў, і даручыў зрабіць ім пераклад усёй Бібліі з моваў-арыгіналаў: Стары Запавет - з гебрайскай, а Новы Запавет - з грэцкай.
Да канца 1562 году праца над рукапісам перакладу была скончана, і 4 верасьня 1563 году зь берасьцейскай друкарні Радзівіла Чорнага выйшлі першыя асобнікі шыкоўна выданай Радзівілаўскай, або Берасьцейскай, Бібліі з уласнай прадмовай князя-рэфарматара. На гэтае выданьне Мікалай Чорны ахвяраваў вялізарную суму - 10 тысячаў дукатаў - гадавы даход усіх сваіх уладаньняў.
Мікалай Радзівіл Чорны і ягоныя аднадумцы сярод палітычнай эліты Вялікага Княства дзейнічалі зь вялікім пасьвячэньнем і ахвярнасьцю. Сваім коштам яны закладалі эвангельскія цэрквы, будавалі зборы, дзе маглі зьбірацца вернікі, запрашалі пастароў і прапаведнікаў для навучаньня праўдам веры, адчынялі школы, у якіх магла вучыцца моладзь з розных станаў грамадзтва, закладалі друкарні.
Дзякуючы іх намаганьням перакладаліся кнігі Сьвятога Пісьма, пісаліся палемічныя і пазнавальныя кнігі, якія пашыралі ў грамадзтве ідэі Рэфармацыі, друкаваліся падручнікі для школаў і катэхізмы эвангельскай веры. Прыклад пачынальнікаў рэфармацыйнага руху натхняў іншых рээфарматараў, і Вялікае Княства Літоўскае літаральна на вачах станавілася эвангельскай краінай.
Імклівае разьвіцьцё Рэфармацыі ў Вялікім Княстве дазволіла ўжо ў 1557 годзе правесьці пад старшынствам Мікалая Радзівіла Чорнага першы сынод (сход сэньёраў і магістраў збораў) эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня, як называлі сябе вызнаўцы кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім.
На гэтым сынодзе быў абраны першы супэрінтэндант (адказны) беларускіх збораў - Сымон Зак. Неўзабаве далейшы рост колькасьці эвангельскіх цэркваў у краіне прымусіў эвангельска-рэфармаванае Задзіночаньне падзяліцца на два, а пазьней на шэсьць дыстрыктаў (рэгіёнаў), на чале кожнага зь якіх стаяў свой супэрінтэндант. Штогод дэлегаты ад кожнага дыстрыкту зьязджаліся ў Вільню на агульны сынод.
Нясьвіжскі Катэхізіс 1562 г.
На пачатку 1550-ых гадоў Мікалай Радзівіл Чорны, які лічыў Лісманіні адным са сваіх настаўнікаў, зацікавіўся пераўтварэньнямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыў эфэктыўнасьць праведзеных рэформаў, якія разьвівалі ініцыятыву і актыўнсьць сялянства і рабілі сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай.
У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камісія па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале зь віленскім ваяводам. Разам зь ім працавалі пісар Вялікага Княства Астафей Валовіч і адзін зь непасрэдных выканаўцаў пераўтварэньняў ва ўладаньнях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала так званую "Уставу на валокі", абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восеньню 1557 году, якая на доўгія гады вызначыла гаспадараваньне зямлёй ў Вялікім Княстве.
Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялічыць ураджаі збожжа, так што жыта і ячмень пачалі вывозіць на продаж за мяжу. Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла разьвіваць разнастайную вытворчасьць, асабліва зьвязаную зь перапрацоўкай драўніны, бо частка сялянаў замест працы на зямлі пачала займацца рамяством.
Князь Мікалай Радзівіл Чорны стаў распачынальнікам мэцэнацтва ў Вялікім Княстве. Пры яго двары стваралі музыку Кіпрыян Базылік і Вацлаў з Шаматулаў, пісалі вершы Мікалай Рэй і Андрэй Трыцесскі. Нямецкія мастакі, якія працавалі дзякуючы падтрымцы віленскага ваяводы, увялі ў побыт шляхты Княства партрэтны жывапіс. Мікалай Чорны стаяў таксама ля вытокаў славутых радзівілаўскіх мастацкіх збораў, першай мастацкай калекцыі на Беларусі.
Палац Радзівілаў у Вільні
Шматгранная дзейнасьць віленскага ваяводы выяўлялася і ў палітычным жыцьці краіны. Пачынаючы з 1556 году Мікалай Радзівіл Чорны шмат увагі ўдзяляў сітуацыі ў Прыбалтыцы, вядучы перамовы аб далучэньні Лівоніі да Вялікага Княства і сумеснай абароне супраць маскоўскай агрэсіі. У 1558 годзе войскі Івана Жахлівага ўварваліся ў Лівонію, пакідаючы за сабою спаленую зямлю. Лівонія зьвярнулася да Вільні па дапамогу, становячыся пратэктаратам Вялікага Княства. Вайна з Масквою стала непазьбежнай. Зімою 1563 году 200-тысячная маскоўская армія на чале зь Іванам Жахлівым увайшла ў межы Княства і аблажыла Полацак.
Вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды кінуўся тэрмінова зьбіраць беларускае войска і закрыў дарогу на Вільню, але дапамагчы Полацку аніяк ня змог. У лютым 1563 году Полацак быў захоплены. Па загаду цара Івана ўсе, хто не хрысьціўся па-праваслаўнаму, былі пасечаныя шаблямі або ўтопленыя ў Дзьвіне, мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці. Усіх пазасталых палачанаў захопнікі аб'явілі палоннымі і пагналі на ўсход.
Такое разьвіцьцё падзеяў нарадзіла паніку сярод беларускай шляхты. На палявым сойме пад Віцебскам было прынятае рашэньне аб далучэньні Вялікага Княства да Польскага Каралеўства. Але гэтым плянам інтэграцыі рашуча супрацьстаў Мікалай Радзівіл Чорны. На Варшаўскім сойме ў студзені 1564 году, калі польскія дэлегаты і Жыгімонт Аўгуст узамен за дапамогу ў вайне патрабавалі ліквідацыі Вялікага Княства і ўваходжаньня яго ў склад Польшчы, віленскі ваявода заняў адназначную пазыцыю ў пытаньні незалежнасьці сваёй краіны, не згаджаючыся ні на якія саступкі. У гэты час Мікалай Радзівіл Руды на рацэ Ула, маючы 4 тысячы вершнікаў, разграміў 30-ці тысячнае маскоўскае войска. Пытаньне пра інтэграцыю было закрытае.
Аднак незалежніцкая пазыцыя віленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносінаў з каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Некаторыя сучасьнікі гаварылі, што Мікалай Радзівіл Чорны прымерваў для сябе вялікакняскую карону, разьлічваючы на тое, што Жыгімонт Аўгуст ня мае нашчадкаў, і таму быў такі непрыхільны да ўсялякіх саюзаў. Мы ня ведаем, ці былі ў віленскага ваяводы такія пляны, хутчэй за ўсё гэта прыдумкі недабразычліўцаў.
У лісьце да свайго сына ён пісаў: «Кароль вельмі неахвотна ад мяне гэта прыймае, але Рэч Паспалітая для мяне больш значыць, чым прыхільнасьць гаспадара, таму мала мяне гэта хвалюе». Віленскі ваявода называе тут Рэччу Паспалітаю, гэта значыць «супольнаю справаю», ўсіх грамадзянай краіны, Вялікае Княства Літоўскае.
Трывожныя падзеі 1563 і наступнага 1564 году падарвалі здароўе віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён адчуваў набліжэньне сьмерці, і таму сьпяшаўся. Усё менш займаўся палітыкай, а ўвесь свой час прысьвячаў таму, каб умацаваць эвангельскую царкву ў краіне.
У красавіку 1565 году князь Мікалай цяжка захварэў. 27 траўня ён паклікаў да сябе свайго старэйшага сына, Мікалая Крыштафа, і прасіў яго цьвёрда трымацца эвангельскай веры, клапаціцца пра зборы і прапаведнікаў.
Пасьля паклікаў пісара і пачаў дыктаваць тастамант. У сваёй апошняй волі віленскі ваявода зноў і зноў узгадваў пра патрэбы эвангельскіх цэркваў: "А на тот костел, где тело мое поховано будет, і на школу одпісую всі Бібліі, накладом моем друкованые в Бересті". На наступны дзень Мікалай Радзівіл Чорны, патрыёт і рэфарматар, некаранаваны кароль Літвы, лідар эвангельскага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, памёр.
Паводле кнігі С.Акіньчыца «Залаты Век Беларусі»
Падобныя матэрыялы (па тэгу)
- Библейская гражданская доктрина на примере Америки и Восточной Европы – Брюс Андерсон [видео]
- Бизнес и экономика — Ваутер Друпперс [видео]
- Ток-шоу «Баланс между аполитичностью и заполитизированностью евангельских веруючих» [видео]
- Ток-шоу «Европейские ценности. Подмена понятий» [видео]
- Ток-шоу «Контуры будущего. Глобальные вызовы ХХІ века» [видео]