Menu
RSS
logo
Вы тутГалоўная/Рэсурсы секцый/Царква і Грамадзтва/Хрысьціянская Рэфармацыя і грамадзянская супольнасьць

Хрысьціянская Рэфармацыя і грамадзянская супольнасьць

reformatsia

Разважаючы пра тое, якім чынам чалавек спазнае Бога, сёньняшнія хрысьціяне часта не бяруць пад увагу адзін з аспэктаў Божай прысутнасьці – гісторыю. Менавіта ў гісторыі адбываецца адкрыцьцё Бога як Збаўцы. Наш Бог ня толькі Бог, Які стварыў неба і зямлю, але таксама Бог, Які дзейнічае ў гісторыі жыцьця асобных людзей і цэлых народаў.

Ігнараваньне гэтага факту або зьвядзеньне яго толькі да рэлігійнай гісторыі прывяло да сур’ёзнага скажэньня вобраза гуманітарных дысцыплінаў, якія замест таго, каб служыць апалёгіі Госпада, Бога Уседзяржыцеля, сталі апірышчам сэкулярызму і ўсякага роду паганства.

Адной з граняў сучаснай гуманітарнай думкі зьяўляюцца развагі аб правільнай арганізацыі грамадзтва, аб тым, як дасягнуць раўнавагі свабоды і парадку, якія прынесьлі б карысьць чалавеку ў асобнасьці і грамадзтву ў цэлым.

У цэнтры гэтых дыскусыяў стаіць пытаньне пра грамадзянскую супольнасьць. Упершыню тэрмін «грамадзянская супольнасьць» быў уведзены Гегелем у яго працы «Філязофія права». Гегель прапанаваў разглядаць грамадзтва як сукупнасьць адносінаў паміж сям’ёй, грамадзянскай супольнасьцю і дзяржавай [3]. У наш час пад грамадзянскай супольнасьцю часьцей за ўсё разумеюць асаблівую сфэру адносінаў (маёмасных, рынкавых, сямейных, маральных, культурных, адукацыйных), якая ахоплівае ўсю разнастайнасьць сацыяльных сувязяў, палягаючых паміж асобай і дзяржавай і знаходзячыхся ў вядомай незалежнасьці ад дзяржавы [11].

Менавіта наяўнасьць паўнавартаснай грамадзянскай супольнасьці ёсьць характэрнай рысай сучаснай заходняй цывілізацыі. Гэта забясьпечвае баланс свабоды і парадку, які дазволіў Захаду дасягнуць нябачаных вышыняў у дабрабыце і справядлівасьці. Парадак палягае ў прызнаньні абавязкаў перад грамадзтвам, свабода – у прызнаньні правоў асобы [12].

Амэрыканскі мысьляр Майкл Новак, апісваючы заходнюю цывілізацыю, даў ёй азначэньне «дэмакратычны капіталізм», які выяўляецца ў адзінстве трох сыстэмаў: рынкавай эканомікі, палітыкі, якая прызнае права чалавека на жыцьцё, свабоду і імкненьне да шчасьця, і сыстэмы грамадзкіх інстытутаў, у аснове якіх ляжаць ідэалы роўнай для ўсіх людзей свабоды і справядлівасьці [7].

Пры гэтым неаднаразова адзначалася, што спробы навязваць зьнешнія атрыбуты, такія, як дэмакратычнае заканадаўства або прынцыпы рынкавай эканомікі, народам, чыя культура, філязофія і рэлігія зусім не адпавядалі гэтаму, амаль паўсюдна прыводзілі да ўзнікненьня тых ці іншых формаў таталітарызму ці аўтарытарызму.

Большасьць дасьледчыкаў прызнаюць, што і дэмакратыя Новага Часу, і сучасны капіталізм маюць адны і тыя ж перадумовы і паўсталі ў адзін пэрыяд. Гэта эпоха Рэфармацыі, час, які Гегель назваў сэнсам гісторыі Новага Часу [9].

«Духоўныя пераўтварэньні Рэфармацыі сфармавалі сучасную заходнюю цывілізацыю. Гэтая эпоха сьведчыць: тое, як людзі думаюць, і ў што яны вераць, вызначае грамадзкія працэсы на стагодзьдзі.»

Духоўныя пераўтварэньні, што пачаліся ў гэты пэрыяд, сфармавалі сучасную заходнюю цывілізацыю. Таму, кажучы пра грамадзянскую супольнасьць, мы павінны зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на ўзаемасувязь веры і розных аспэктаў жыцьця грамадзтва.

Макс Вэбер у сваёй працы «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» пісаў: «Яшчэ Мантэск’ё сказаў у «Духу законаў», што ангельцы пераўзышлі ўсе народы сьвету ў трох вельмі істотных рэчах – у пабожнасьці, гандлі і свабодзе. Ці не зьвязаныя посьпехі ангельцаў у галіне набыцьця, а таксама ў іх прыхільнасьці да дэмакратычных інстытутаў з тым рэкордам пабожнасьці, пра які кажа Мантэск’ё ?» [2]

Шмат для каго такая пастаноўка пытаньня можа падацца нечаканай, паколькі сёньня як сярод навукоўцаў, так і ў грамадзтве, асабліва на постсавецкай прасторы сьвядома ці несьвядома існуе марксісцкі матэрыялістычны погляд, што «быцьцё вызначае сьвядомасьць». Тым ня менш, гісторыя і, перш за ўсё, эпоха Рэфармацыі, сьведчаць аб адваротным. Тое, як людзі думаюць, у што яны вераць, вызначае іх жыцьцё, вызначае грамадзкія працэсы на дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі.

Luther

Рэфармацыя – гэта лацінскае слова, якое ўтвараецца далучэньнем прыстаўкі “рэ-” да слова “фармацыя”. “Фармацыя” азначае “наданьне чаму-небудзь ладу, формы”, а прыстаўка “рэ-“ – тое, што гэта дзеяньне паўтараецца зноў. Такім чынам, Рэфармацыя – гэта аднаўленьне першапачатковага ладу, зыходнай формы. Гэта значыць, была нейкая форма, якая дэ- фармавалася, і яе неабходна рэ- фармаваць – зрабіць такой, якой яна была спачатку. Рух за аднаўленьне першапачатковага, біблійнага ладу хрысьціянства, а значыць, і ўсяго грамадзтва, атрымаў назву Рэфармацыя.

«Рэфармацыя - гэта рух за ўзнаўленьне біблійнага вобразу хрысьціянства і ўсяго грамадзтва.»

Рэфармацыя – гэта не якая-небудзь канфэсыя, царква, структура. Рэфармацыя – гэта ідэя. Ідэя аб неабходнасьці пастаянна зьвяртацца да Бібліі як да глыбокага фундамэнту хрысьціянства і ў адпаведнасьці з вобразам, адкрытым ў Сьвятым Пісаньні, будаваць царкву, жыцьцё кожнай асобы і грамадзтва ў цэлым. Таму прыналежнасьць той ці іншай асобы, той ці іншай зьявы да Рэфармацыі вызначаецца ідэяй, сьветапоглядам. Людзі Рэфармацыі – гэта ня толькі Лютар, Цьвінглі, Кальвін, Нокс, але і Ўікліф, Гус, Ўэсьлі, Ўілбэрфорс, Кайпэр і многія іншыя. Рэфарматарам мы па праву можам называць кожнага, хто імкнуўся зьмяняць жыцьцё сучаснага яму грамадзтва ў адпаведнасьці зь біблійным стандартам.

Рэфармацыя адкінула напластаваньні, назапашаныя ў хрысьціянстве за шматлікія стагодзьдзі, і патлумачыла крыніцу аўтарытэту, які павінен грунтавацца больш на Пісаньні, чым на Царкве і Пісаньні або дзяржаве і Пісаньні. Гэта ня толькі праясьніла сэнс хрысьціянскага вучэньня, але і выявіла сапраўдную аснову закона, якой зьяўляецца Закон Божы, ад закона Майсея да Новага Запавету, зьмест і аўтарытэт якіх узыходзяць да Таго, Хто зьяўляецца канчатковай рэальнасьцю. Ніхто ня мае права ставіць што заўгодна вышэй за патрабаваньні Божага Закона. [12]

«Рэфарматары зьвярнуліся да рэальнасьці Бога і да рэальнасьці чалавека, ягоным асабістым і сацыяльным патрэбам.»

Рэфарматары зьвярнуліся да вытокаў, да канчатковай рэальнасьці, да Бога, але роўным чынам і да рэальнасьці чалавека – і ня толькі да яго асабістых патрэбаў (такіх, як выратаваньне душы), але і да патрэбаў сацыяльных.

Рэфармацыя XVI стагодзьдзя шырока адчыніла дзьверы для сапраўднай хрысьціянізацыі эўрапейскага грамадзтва. Сярэднявечнае хрысьціянства па сваёй прыродзе было манаскім і ставілася з пагардай да жыцьця ў сьвеце. Згодна зь сярэднявечнай канцэпцыяй, праўдзівы хрысьціянін павінен сысьці з гэтага сьвету і стаць манахам. Жыцьцё за мурамі манастыра лічылася чымсьці другарадным і недухоўным. Таму манахі ізалявалі сябе ад сьвету, і як вынік, уплыў хрысьціянскай веры на жыцьцё сьвецкага чалавека быў мінімальным. Рэфармацыя кардынальна зьмяніла падобны падыход, пераканаўча паказаўшы, што сапраўднае пакліканьне хрысьціяніна заключаецца ў служэньні Богу праз служэньне бліжняму. Быць хрысьціянінам ня можа азначаць адмаўленьне сьвету і дзейнасьці ў ім, бо гэта было б раўназначна адмаўленьню Бога, Які стварыў гэты свет. Хрысьціянін пакліканы працаваць у гэтым сьвеце, яго вера павінна выяўляцца ў канкрэтнай дзейнасьці ў сьвеце. «Праца, якая здаецца мірской, зьяўляецца на самой справе праслаўленьнем Бога», - сьцвярджаў Марцін Лютар. «Лад жыцьця кожнага чалавека прызначаны яму Богам, і любая праца можа выклікаць павагу і высока цэніцца ў вачах Бога», - вучыў Жан Кальвін [6].

Погляд на працу як на дастойны і адпаведны спосаб пакланеньня Богу прывёў да таго, што краіны Паўночнай Эўропы, якія прынялі Рэфармацыю, за кароткі час дасягнулі велізарных посьпехаў у эканамічнай сфэры. Рэфармацыя, паводле Макса Вэбэра, выпрацавала ідэйныя перадумовы для фармаваньня і разьвіцьця рынкавай эканомікі. Капіяваньне зьнешніх атрыбутаў свабоднага рынку без прыняцьця яго духоўнага кампанэнту замест дабрабыту нараджае карумпаваны, крыміналізаваны, “дзікі” капіталізм.

Рэфармацыя зьмяніла ня толькі эканоміку, але палітычны твар Эўропы. Прынцыпы дэмакратыі, такія, як выбарнасьць прадстаўнікоў улады, падзел і падкантрольнасьць розных галінаў улады і г.д., бяруць свой пачатак у прынцыпах уладкаваньня кальвінскіх цэркваў, якія, у сваю чаргу, чэрпалі гэтыя прынцыпы зь Бібліі (выбарнасьць старшыняў і цароў, падзел калена сьвятароў (Левія) і калена цароў (Юды)). На некалькі стагодзьдзяў ідэалам рэспубліканскага дзяржаўнага ладу ў Эўропе была Жэнэўская рэспубліка [4].

«Рэфармацыя перамяніла стаўленьне да працы, заклала падмуркі сучаснай дэмакратыі, дала пачатак правам і свабодам чалавека, дала штуршок разьвіцьцю натуральных навукаў, прывяла да росквіту шэрагу нацыянальных культур.»

Ідэі Рэфармацыі далі пачатак таксама такім паняцьцям, як правы і свабоды чалавека. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., падрыхтаваны рэфарматарамі, так вызначаў паняцьце свабоды: «Такая мэта і вынік усіх законаў ёсьць і павінен быць на сьвеце, каб кожны добрую славу сваю, здароўе і маёмасьць меў цэлыя, і ніякае шкоды ва ўсім гэтым ня трываў. І гэта ёсьць наша свабода, якой мы сярод іншых народаў хрысьціянскіх хвалімся» [10].

statut

Нельга не заўважыць уплыву Рэфармацыі і на нацыянальнае развіцьцё народаў. Кожны раз прыняцьце ідэй Рэфармацыі суправаджалася нацыянальным уздымам, вяло да незалежнасьці, як у выпадку з Галяндыяй або Швэцыяй, або падымала нацыянальную культуру, мову на дзяржаўны ўзровень, як гэта было ў Нямеччыне, Францыі, Англіі. Адным з прынцыповых патрабаваньняў рэфарматараў заўсёды было патрабаваньне шырокага ўжываньня роднай мовы.

Адзін з галоўных прынцыпаў абнаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносінах з Богам, якія абапіраюцца на чытаньне і разуменьне Бібліі кожным чалавекам, таму разьвіцьцё Рэфармацыі выклікала дынамічны рост колькасьці навучальных установаў па ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква імкнулася мець школу, у якой бы дзеці і дарослыя вучыліся чытаць, пісаць, лічыць і г.д. Лютэранская Швэцыя стала першай краінай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўні [1].

Вялікі ўплыў аказала Рэфармацыя на разьвіцьцё прыродазнаўчых навук, якія ў значнай меры вызначаюць жыцьцё сёньняшняга грамадзтва [5]. Пачынаючы ад шырокай падтрымкі астранамічных дасьледаваньняў XVI стагодзьдзя аж да шматлікіх інжынэрных вынаходак ХІХ–ХХ стагодзьдзяў, эвангельскія хрысьціяне праяўляюць большую здольнасьць да натуральных і дакладных навук, чым, напрыклад, каталікі. Прычынай таму ёсьць багаслоўе, якое вітае і падтрымлівае вывучэньне прыроды. «Бельгійскае крэда» галяндзкіх кальвіністаў сьцвярджала, што «прырода знаходзіцца перад нашымі вачыма як цудоўная кніга, у якой усё тварэньне зьяўляецца літарамі, якія паказваюць нам нябачнага Бога. Ня дзіўна, што Галяндыя XVII стагодзьдзя была знакамітая сваімі фізыкамі і батанікамі [6].

Уплыў Рэфармацыі не абмежаваўся толькі Германіяй, Англіяй і Галяндыяй. Гэтак жа ва Усходняй Эўропе яна сур’ёзна паўплывала на жыцьцё грамадзтва. Амаль усе знакамітыя дзеячы гэтай эпохі або непасрэдна былі сябрамі эвангельскіх цэркваў, або знаходзіліся пад моцным уплывам рэфармацыйных ідэяў [1].

Пытаньні ўладкаваньня грамадзтва на біблійным падмурку цікавілі многіх. Менскі ваявода Ян Абрамовіч, адзін зь лідэраў рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, напісаў кнігу «Погляды ліцьвіна на танную куплю і дарагі продаж збожжа», у якой тлумачыў неабходнасьць свабоды гандлю ў дзяржаве. Яго сучасьнік, філёзаф і паэт Язэп Даманеўскі ў сваіх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крыніцу шчасьця чалавека, а гультайства і бязьдзейнасьць як прычыну нешчаслівага жыцьця, абгрунтоўваючы гэта прыкладамі зь Бібліі. Даманеўскі сьцьвярджаў, што праца павінна быць плённай і карыснай грамадзтву і што яна ня можа зьневажаць шляхецкую годнасьць. Як прыклад таго, што робіць гонар работніку, паэт паказваў рамяство, гандаль і сельскую гаспадарку [8].

«Перыяд Рэфармацыі стаў называцца Залатым Векам у Беларусі, Першім Відродженнем ва Ўкраіне, Залатым векам польскай культуры.»

Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова і сумленьня адлюстроўвалі юрыдычныя дакуманты таго часу, публіцыстыка і багаслоўскія трактаты. Вядомы палітык і багаслоў Андрэй Волян у сваёй працы «Аб палітычнай або грамадзянскай свабодзе» пісаў: «Ніхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе і ніхто, такім чынам, не нараджаецца рабом... Першы і галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб наша жыцьцё было вольнае ад усякага замаху на яго і несправядлівасьці. Далей, каб наша маёмасьць і багацьце не станавіліся ахвяраю рабаваньня і гвалту» [8].

Усё гэта стала прычынай таго, што пэрыяд Рэфармацыі называецца Залатым Векам ў Беларусі, Першым Видродженнем ва Ўкраіне, Залатым Векам польскай культуры.

Ідэі, якімі жыве народ, вызначаюць шлях развіцьця грамадзтва. Гэта выразна пацьвярджаюць падзеі, якія адбываліся ў Эўропе ў наступныя стагодзьдзі. Прыняцьце элітай Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагодзьдзі ідэалогіі Контррэфармацыі прывяло да татальнага заняпаду ва ўсіх сфэрах жыцьця. Залаты Век скончыўся, пачаўся працяглы пэрыяд Бясслаўя, паразаў і катастроф. І прычынай таму ня былі зьнешнія фактары. Зьмена духоўнай атмасфэры ў краіне стала прычынай няздольнасьці народа супрацьстаяць зьнешнім пагрозам.

varf noc

У тым жа XVII стагодзьдзі канчаткова страціла сваю магутнасьць Гішпанія, рассыпаўся бляск Італіі – краіны, якая катэгарычна адкінула Рэфармацыю. Францыя, якая знаходзілася ў піку сваёй магутнасьці, пачала татальную вайну з гугенотамі, і ўжо наступнае стагодзьдзе стала канцом яе велічы. У краінах, якія засталіся вернымі біблійным стандартам, нічога падобнага не адбылося, нават калі ім давялося перажыць цяжкія выпрабаваньні. Так, зьнішчаная вайной за незалежнасьць, напалову затопленая морам Галяндыя празь некалькі дзесяцігодзьдзяў стала адной з самых уплывовых дзяржаў Эўропы [4].

У Бібліі, у кнізе прарока Ераміі ёсьць такія словы : «Спыніцеся на шляхах вашых, і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытныя, дзе шлях добры, і ідзіце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым». Калі мы жадаем убачыць дабрабыт і справядлівасьць у грамадзтве, дасягнуць блаславёнага балансу свабоды і парадку, мы павінны зьвярнуцца да Сьвятога Пісаньня і зноў пайсьці тым добрым шляхам, які ўжо паказаў сваю эфэктыўнасьць.

ЛІТАРАТУРА

  1. Акинчиц С. Золотой Век Беларуси. Минск 2005
  2. Вебер М. Избранные произведения. Москва 1990
  3. Гегель Г. Избранные произведения. Москва 1972
  4. Девис Н. История Европы. Москва 2004
  5. Лоўзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі. Мінск 1998
  6. Маграт А. Богословская мысль Реформации. Одесса 1994
  7. Новак М. Дух демократического капитализма. Минск 1997
  8. Падокшын С. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Мінск 1990
  9. Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі. Матэрыялы канфэрэнцыі. Мінск 2002
  10. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск 1989
  11. Фельдблюм В. Гражданское общество [Электронный ресурс]// Режим доступа: http://vestnikcivitas.ru/docs/457
  12. Шеффер Ф. Христианский манифест. [Электронный ресурс]// Режим доступа: http://nrm.belreform.org/christ_manif.htm
уверх