Menu
RSS
logo
Вы тутГалоўная/Рэсурсы секцый/Царква і Грамадзтва/Абрагам Кайпэр – хрысьціянін у эпоху пераменаў

Абрагам Кайпэр – хрысьціянін у эпоху пераменаў

Абрагам Кайпэр – хрысьціянін у эпоху пераменаў

Абрагам Кайпэр жыў у часы, калі сучасная Эўропа імкліва зьмянялася. Індустрыялізацыя і ўрбанізацыя ламалі традыцыйны жыцьцёвы лад. З цягам часу аформіліся два асноўныя сьветапогляды: лібэральны гуманізм, які падкрэсьліваў уседазвольны індывідуалізм, і камунізм, які абвяшчае дзяржаву выратавальнікам. Жыцьцё Абрагама Кайпэра было прысьвечана пошуку біблійнай альтэрнатывы гэтым сьветапоглядам.

Абрагам Кайпэр нарадзіўся 29 кастрычніка 1837 года ў Мааслуісе, каля Ратэрдама. Ён скончыў багаслоўскі факультэт Лейдэнскага ўнівэрсытэта, у якім большасьць выкладчыкаў былі лібэральнымі хрысьціянамі, і стаў пастарам Рэфармацкай царквы Галяндыі.

kajper1

Мааслуіс, родны горад Абрагама Кайпэра

Кайпэра запрасілі ў прыход у ваколіцах Утрэхта. Там ён зрабіў нечаканае адкрыцьцё: простых людзей яго прыходу не ўразіла ягоная вучонасьць. На іх думку, новасьпечаны пастар проста даваў тэарэтычныя «асучасненыя» веды. Звычайная дачка рабочага П'етэ Балтус «навярнула» свайго пастара. Яна дапамагла яму ўбачыць сэрца Пісаньня і адкрыла яму і яго «сьвецкай» жонцы Джаане асабістыя ўзаемаадносіны з Богам.

Перажыўшы навяртаньне, Кайпэр пачаў нанова дасьледаваць вучэньне Кальвіна ў пошуках практычных дактрынаў, якія датычацца пытаньняў паўсядзённага жыцьця. Ён пачаў разумець, наколькі моцна розныя небіблійныя ідэі ўплывалі на ягонае мысьленьне і мысьленьне людзей у царкве. Ва ўплыве лібэралізму і сьвецкага гуманізму, які распаўсюджваўся, ён бачыў дух гэтага веку, супрацьстаяць якому трэба было і ў сьвеце, і ў царкве.

Калі ва ўзросце 30 гадоў Кайпэр пераехаў у Утрэхт, ён уступіў у барацьбу за рэфармаваньне царквы і раскрыцьцё лібэральнай «хлусьні ўнутры царквы». Там адбыўся ягоны дэбют у журналістыцы ў якасьці памочніка рэдактара штотыднёвіка «Весьнік».

У 1870 ён пераехаў у Амстэрдам, дзе праз два гады стаў галоўным рэдактарам штодзённай газэты «Стандарт». Да канца 19 стагодзьдзя «Стандарт» была прызнаная самай прэстыжнай галяндзкай штодзённай газэтай. Кайпэр заставаўся галоўным рэдактарам гэтага выданьня больш за 40 гадоў.

У 1874 Абрагам Кайпэр быў абраны ў галяндзкі парлямэнт, але ў наступным годзе дрэннае здароўе вымусіла яго ўзяць адпачынак і зьехаць у Швайцарыю. У гэты час ён шмат думаў пра тое, як валадарства Хрыста распасьціраецца ў такіх сфэрах, як палітыка, адукацыя і грамадзтва ў цэлым.

kajper2

Будынак Генеральных штатаў (Парлямэнту Нідэрляндаў) у Гаазе 

Кайпэр вылучыў пяць вобласьцяў або сфэраў кіраваньня, кожная з якіх падпарадкоўваецца непасрэдна Богу, і кожная ўзаемадзейнічае зь іншай у рамках Богам дадзеных абмежаваньняў яе ўлады:

  • Самакіраваньне, калі кожны чалавек дае справаздачу Богу за сябе.
  • Упраўленьне на ўзроўні сям'і, усталяванае і падсправаздачнае Богу. Бацькі нясуць адказнасьць за выхаваньне і адукацыю дзяцей.
  • Царкоўнае ўпраўленьне зьяўляецца сфэрай, якая адносіцца да вызначэньня царкоўных мерапрыемстваў, структуры лідэрства і царкоўнай дысцыпліны. Царква не пастаўленая як пасярэднік паміж Богам і асобнымі людзьмі ці Богам і сем'ямі. Калі царкоўныя лідэры спрабуюць граць такую ролю, яны парушаюць межы Боскай улады і пераходзяць на бок тыраніі.

  • Грамадзянскае ўпраўленьне мае боскі мандат дзяржавы насіць меч для абмежаваньня наступстваў грэхападзеньня чалавека. Калі дзяржава ўмешваецца ў царкоўныя справы ці наадварот, распаўсюджваецца тыранія. 

  • Грамадзкае праўленьне, або сфэра добраахвотных асацыяцый уключае ў сябе грамадзкія арганізацыі і бізнэс, якія квітнеюць пры разумным дэмакратычным праўленьні і знаходзяцца пад жорсткім кантролем пры таталітарных рэжымах. 

Вярнуўшыся ў Галяндыю ў 1876 г., Кайпэр пачаў весьці працу на некалькіх франтах: у сфэрах сродкаў масавай інфармацыі,школы, царквы і сям'і. Ён аднавіў сваю працу ў штодзённых і штотыднёвых выданьнях, выкарыстоўваючы гэтыя каналы для таго, каб настаўляць чытачоў газэтаў у тым, як прымяняць хрысьціянскія каштоўнасьці ў жыцьці грамадзтва.

Далей ён праявіў свае палітычныя здольнасьці, рэарганізаваўшы Антырэвалюцыйную партыю (АРП). Гэтая партыя была заснавана ў 1830 годзе Гіёмам Гроенам ван Прынстэрэрам. Гроен ван Прынстэрэр тады казаў пра неабходнасьць хрысьціянскай адукацыі, у якой усе прадметы вывучаліся б у сьвятле Божага адкрыцьця і ўсе дзеці навучаліся пакланяцца Богу розумам. Цяпер Кайпэр пачаў ствараць шырокі рух сярэдняй клясы на прагрэсыўнай сацыяльнай плятформе, заснаванай на традыцыйнай хрысьціянскай дактрыне.

Застаючыся верным бачаньню Гроена, Кайпэр аднавіў барацьбу за свабодныя школы, то бок, за права бацькоў адпраўляць дзяцей у школы, у якіх прапануецца адукацыя, заснаваная на хрысьціянскім сьветапоглядзе. Пачатковая адукацыя была толькі адной з частак бачаньня Кайпэра.

kajper3

Амстэрдамскі свабодны ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1880 годзе Абрагамам Кайпэрам

Ужо ў 1870 годзе ён пісаў пра неабходнасьць свабодных унівэрсытэтаў, заснаваных прыватнымі асобамі. Праз дзесяцігодзьдзе доктар Кайпэр адкрыў Свабодны унівэрсытэт у Амстэрдаме. Яго вітальная прамова была публічным абвяшчэньнем пазыцыі панаваньня Хрыста ў розных сфэрах жыцьця.

За дзевяць гадоў да таго Кайпэр напісаў у газэце «Весьнік»:

«Мы працуем для далёкіх мэтаў. Мы не імкнемся да імгненнага трыумфу, але да канчатковага посьпеху нашага пачынаньня. Пытаньне не ў тым, які ўплыў мы аказваем цяпер, але які ўплыў мы акажам праз паўстагодзьдзя. Не тое, як мала мы маем цяпер, але колькі моладзі паўстане з нашымі прынцыпамі».

У красавіку 1894 Абрагам Кайпэр вярнуўся ў парлямэнт пасьля дваццацігадовай адсутнасьці, каб пачаць сямігадовы пэрыяд палітычнай дзейнасьці, якая аднолькава ўражвала як яго сяброў, так і ворагаў. У дадатак да таго, што ён узначальваў Антырэвалюцыйную партыю, ён быў рэдактарам штодзённай газэты «Стандарт» і штотыднёвіка «Весьнік», а таксама выкладаў у Свабодным унівэрсытэце на двух факультэтах: тэалёгіі і галяндзкай літаратуры.

У 1898 г. ён зьдзейсьніў паездку ў Амэрыку, дзе прачытаў свае знакамітыя лекцыі аб цэласным хрысьціянскім сьветапоглядзе ў Прынстанскім унівэрсытэце.

Пасьля выбараў 1901 г. каралева Нідэрляндаў папрасіла доктара Кайпэра сфармаваць кабінэт і стаць прэм'ер-міністрам. У прывітальнай прамове новы прэм'ер выказаў жаданьне ствараць нацыю на аснове хрысьціянскіх прынцыпаў жыцьця. Абрагам Кайпэр кіраваў краінай да 1905 г. Пра яго казалі, што ён меў «дзесяць галоў і сто рук».

У 1897 г., у 25-ю гадавіну свайго знаходжаньня на пасадзе галоўнага рэдактара газэты «Стандарт», Кайпэр сказаў:

«Адно жаданьне заўсёды было рухаючай сілай у маім жыцьці, адзін высокі матыў запальваў маю душу і розум: нягледзячы на ўсё супрацьстаяньне сьвету, сьвятое Божае кіраваньне будзе ўстаноўлена зноў у сям'і, школе і дзяржаве, для дабра народа; каб у сьвядомасьць нацыі ўвайшло разуменьне кіраўніцтва Госпада, пра якое сьведчаць Біблія і стварэньне, каб народ ізноў пачаў шанаваць Бога».

Абрагам Кайпэр пражыў плённае жыцьцё, стаўшы ў праломе, каб абараніць свой народ ад бязбожнасьці і аднавіць біблійную спадчыну ў сваёй краіне.

Аўтар тэкста Дж.Фантэйн

уверх