Усякая ўлада ад Бога
- Аўтар Ярослав Лукасик
Тэма ўзаемаадносінаў Царквы і дзяржавы вельмі складаная. Зь іншага боку, няправільнае разуменьне гэтага пытаньня спараджае грандыёзныя праблемы, фатальныя наступствы, якія могуць стагодзьдзямі адмоўна ўплываць на народы. Паколькі інстытуты Царквы і дзяржавы маюць канкрэтнае месца і мадэль ў Божым пляне, нам неабходна вывучыць гэтую мадэль і толькі згодна зь ёй дзейнічаць.
Гісторыя дае мноства прыкладаў, калі праблемы паўставалі ў выніку няправільных ўзаемаадносінаў Царквы і дзяржавы. У краінах усходняга хрысьціянства, асабліва ў царскай Расеі, урад выкарыстоўваў праваслаўную царкву як інструмант самадзяржаўя. Царква была часткай дзяржаўнага апарату. Таксама ў заходніх краінах былі адхіленьні ў гэтай сфэры – рымскія папы неаднаразова замахваліся на ўладу каралёў, блытаючы ролю Царквы і дзяржавы.
«Адносіны Царквы і дзяржавы Бог дакладна вызначыў і адкрывае іх нам у Бібліі.»
У Божым пляне Царква ня ёсьць чымсьці, што супрацьстаіць дзяржаве і знаходзіцца ў вечным канфлікце зь ёй. Наадварот, як Царква, так і дзяржава закліканы служыць народу. Біблійная гісторыя Ізраіля сведчыць аб тым, што ня толькі Царква, але таксама і дзяржава павінны адлюстроўваць Божы характар. Біблія адкрывае нам, што Бога вельмі хвалююць паводзіны цароў.
Многія прапаведнікі засноўваюць вобраз узаемаадносінаў дзяржавы і Царквы на словах Ісуса ў Эвангельлі: «Аддавайце кесарава кесару, а Божае – Богу». Такім чынам, вымалёўваецца карціна, быццам Бог мае Свае справы і, калі ласка, няхай кесар туды ня суне свой нос, а ў кесара – свае справы, і хай Бог яго не чапае. Такая тэорыя абсалютна супярэчыць Бібліі. Усё створана Богам, і ўсё Яму належыць: і Царква, і кесар, і народ, і грошы. І кожны дасьць справаздачу перад Богам за тое, што яму даверана.
Каб правільна інтэрпрэтаваць гэтыя словы Ісуса, трэба іх прачытаць ва ўсім кантэксьце, у якім яны былі сказаныя. Пытаньне аб падатку, зададзенае Ісусу, было пэўнай інтрыгай, і сам эвангеліст сьцвярджае, што ірадыяне спакушалі Яго. Ісус выкарыстаў іх жа мову, геніяльна ухіліўшыся ад адказу.
Слова Божае кажа, што «існуючыя ўлады ад Бога ўстаноўленыя, таму той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму ўстанаўленьню» (Рым. 13, 1-7).
«Інстытут улады створаны Богам як адлюстраваньне ўлады Бога на зямлі.»
Без закону, без аўтарытэту, без улады жыцьцё становіцца кашмарам. Бог ёсьць Богам ладу і парадку. Кожны, хто пярэчыць Божаму ладу, выступае як вораг Бога. Таксама лідэры, калі выступаюць супраць Божага парадку, трапляюць у гэтую катэгорыю. Бо «за высокім назірае Вышэйшы» (Эккл. 5,7).
Варта адрозніваць тры розныя аспэкты улады. Па-першае, успрымаць уладу як сьвяты інстытут, які хрысьціяне павінны ўсімі сіламі падтрымліваць. Лозунгі кшталту: «Гэть усих!» ці «Против всих!» супярэчаць Божым парадкам. Гэта анархія. Па-другое, за ўладай нам неабходна бачыць людзей. На іх ускладзеная вялікая адказнасьць, і яны слабыя, грэшныя і маюць патрэбу ў выратаваньні. Як мудра сказаў лорд Эктан: «Усякая ўлада разбэшчвае, а абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна».
Таму грамадзтва павінна кантраляваць людзей улады. Улада ўрада павінна быць абмежаваная. Царква вызначае маральныя стандарты, дзякуючы якім грамадзтва ведае, што добра, а што дрэнна. Па-трэцяе, калі мы глядзім на ўладу, трэба вызначыць духоўны складнік або сьветапогляд, які стаіць за канкрэтным урадам. Гэта можа быць Сьвяты Дух, калі кіраўнікі дзейнічаюць паводле хрысьціянскага сьветапогляду, але таксама можа быць злы дух : дух камунізму, фашызму, і г.д. А з нячыстымі духамі ў нас барацьба! «Таму што нашае змаганьне ня супраць плоці і крыві, але супраць начальства, супраць уладаў, супраць сьветаўпраўцаў цемры веку гэтага, супраць духаў злосьці паднябесных» (Эф. 6, 12).
У постправаслаўнай прасторы існуе ўяўленьне, быццам бы ўладу ўрада Бог пасылаў непасрэдна зь нябёсаў. Факт, што «ўсякая ўлада ад Бога», азначае, што выбар любога ўрада вызначаецца ўзроўнем сьвядомасьці народа. У бязбожнага народа будзе бязбожны ўрад. У «цёмнага» народа будзе тыранія.
«Папулярная цяпер прыказка, што кожны народ варты свайго ўраду, зьяўляецца ня чым іншым, як справядлівым законам, створаным Богам.»
Добрым прыкладам, як дзейнічае гэты закон, ёсць біблійны аповяд з гісторыі Ізраіля, які перадае нам 1-я Царстваў, разьдзел 12. Ізраіль хацеў цара накшталт навакольных яго паганскіх народаў. Але ў Бога быў лепшы стандарт дзяржаўнага ладу для абранага народа. Ён хацеў быць царом у сэрцах і сумленьні ізраэльцаў, каб натуральны, Божы закон быў напісаны ў сэрцах людзей (Яр.31,31-34).
Іншымі словамі, Госпад жадаў, каб Ягоны народ меў здольнасьць да самакіраваньня. Божы стандарт – гэта грамадзянская супольнасьць. Гэта арганізм, які складаецца з людзей асьвечаных, адказных і ініцыятыўных, якія паступаюць па законе, бо яны ведаюць, што закон дадзены звыш і для дабрабыту людзей. На жаль, Ізраіль у часы Самуіла не дарос да такога ўзроўню і давялося яму трываць волю Саўла і ўсіх астатніх ізраільскіх цароў.
Усё, што адбываецца паводле прынцыпу «кожны народ варты свайго ўрада» – ад Бога. Хутчэй за ўсё, мы можам сказаць, што нямецкі народ заслужыў сабе Гітлера. Хрысьціяне абсалютна не павінны былі падтрымліваць Гітлера ў яго дзеяньнях (на жаль, менавіта гэта і адбылося). Наадварот, хрысьціяне павінны былі стаць супраць яго сатанінскіх намераў. Але паколькі «сумленьне» нямецкага народа маўчала, то немцы ў часы фашызму сталі несумленнымі, цынічнымі і бязбожнымі.
Роля старазапаветных прарокаў не палягала ў тым, каб выступаць супраць устаноўленых цароў, а наадварот, каб дапамагчы ім адлюстраваць на зямлі Божую справядлівую ўладу, і, такім чынам, служыць народу. Роля Царквы – быць сумленьнем нацыі. Быць сумленьнем для ўсяго народа, у тым ліку і ўрада. Калі народ ідзе добрым шляхам, Царква павінна заахвочваць яго. Калі народ бядуе, Царква павінна прынесьці яму суцяшэньне.
Калі народ не разумее, што зь ім адбываецца, Божыя прарокі павінны растлумачыць яму. Калі люд грашыць, Царква павінна яго выкрыць. «Бо вусны сьвятара павінны захоўваць веды, а закону шукаюць ад вуснаў яго, таму што ён – весьнік Госпада Саваофа» (Мал. 2,7). Царква – гэта голас Бога для народа. Часам гэты голас камусьці непрыемны, і таму страшна яго агучыць.
Але Бог кажа прароку: «Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілеваму, і ты будзеш слухаць слова з вуснаў Маіх, і будзеш наводзіць іх на розум ад Мяне. Калі Я скажу беззаконцу: "сьмерцю памрэш!", а ты ня будзеш наводзіць на розум і казаць, каб асьцерагчы беззаконца ад беззаконнага шляху ягонага, каб ён быў жывы, то беззаконьнік той памрэ ў беззаконьні сваім, і Я спаганю кроў яго з рук тваіх» (Эзэк. 3,17-18).
Такія прарокі, як Майсей, Натан, Ільля, Ярэмія, Данііл, Ян Хрысьціцель выкрывалі цароў. Некаторыя зь іх заплацілі за гэта высокі кошт і, выканаўшы Божую волю, выратавалі свае душы.
«Царква праведнікаў ёсьць сумленьнем нацыі. Задача сумленьня – гаварыць праўду. Калі сумленьне народа змоўкне, людзі стануць несумленнымі.»
Калі ўрад у Расеі і Беларусі пачаў уціскаць правы вернікаў, эвангельскія хрысьціяне пачалі абурацца і нават дрэнна казаць пра урад. Але калі раней урад груба парушаў правы чалавека, хрысьціяне маўчалі, быццам гэта іх не датычыць.
Многія служыцелі сёньня вучаць: «Бог патрабуе ад урада аднаго – даць свабоду пропаведзі Эвангельля». Хіба гэта біблійны падыход? Бог патрабуе ад урада значна больш. Напісана: «І рабіў Давід суд і праўду над усім народам сваім» (2 Цар. 18,31). Чыніць справядлівасьць і праўду – гэта клапаціцца пра справядлівасьць у грамадзтве і дзейнічаць згодна з праўдай ва ўсім. Задача ўрада – адлюстроўваць і сьцьвярджаць у народзе Божы закон. Які ўрад, такім будзе і народ. Рыба гніе з галавы. Таму цар павінен быць прыкладам для ўсяго астатняга народа. Урад закліканы захоўваць высокія маральныя якасьці.
Царква Божая – гэта соль зямлі і сьвятло сьвету. Гэта сумленьне народа. Сумленьне застаецца сумленьнем ў кожнай сытуацыі і ў любой сфэры. Таксама ў галіне палітыкі, культуры, СМІ, эканомікі. Царква павінна агучваць голас Бога як для кожнай асобы, так і для грамадзтва і дзяржавы. Царкве неабходна паўнавартасна заняць тое месца, якое вызначыў для яе Творца. Ад пазіцыі Царквы залежыць лёс народа, і ёй прыйдзецца ў свой час адказаць перад Усявышнім.
Падобныя матэрыялы (па тэгу)
- Нет места для Христа! — Чарльз Сперджен
- Реформация vs коррупция. Опыт Европы и перспективы Украины — Андрей Гнидець
- «Реформация в наше время — это смелость жить по Божьему Слову» — Михайло Паночко
- Количество верующих в протестантских церквях в зоне войны выросло — глава ВСЦЕХБ Валерий Антонюк
- Церковь и война — Денис Подорожный
Апошні з Ярослав Лукасик
- Фундаменти: від Реформації до сьогодення — Ярослав Лукасик [відео]
- О Восточноевропейском Лидерском Форуме и значении Года Реформации — Ярослав Лукасик [видео]
- Протестантская Реформация и современность - Ярослав Лукасик [видео]
- 5 проповідей Реформації, що сформували сучасний світ - Ярослав Лукасик [відео]
- Уплыў пратэстанцкай Рэфармацыі на сучаснасьць [відэа]