Жан Кальвін - прапаведнік Божай славы
- Аўтар Антоний Бокун
Рэфармацыя - рух за вяртаньне Царквы і грамадзтва да біблійных стандартаў - пачалася ў 1517 годзе выступам Марціна Лютара супраць індульгенцыяў. Але Жан Кальвін стаў тым, хто забясьпечыў будучыню Рэфармацыі. Ён стаў галоўным эвангельскім багасловам свайго часу і здолеў даць цэласнае вучэньне, заснаванае на Слове Божым, здольнае ахапіць усе сфэры жыцьця чалавека.
Першыя крокі
Жан Кальвін нарадзіўся 10 ліпеня 1509 году ў Наёне, разьмешчаным у 100 кіломэтрах на поўнач ад Парыжу. Ён пачаў навучаньне ў Парыскім унівэрсітэце на багаслова, але потым, паводле жаданьня бацькі, атрымаў адукацыю юрыста ў Арлеане і Буржэ. У 1533 годзе Кальвін перажыў навярненьне. Вось як ён узгадваў гэтую падзею:
Паколькі я быў цьвёрда адданы забабонам папства, і ня мог зь лёгкасьцю быць выцягнутым з гэтай дрыгвы, Бог нечаканым навярненьнем падпарадкаваў мой дух, каб ён стаў здольным прыняць настаўленьне. Калі ў выніку гэтага я адчуў вялікую прыхільнасьць да сапраўднай пабожнасьці, я загарэўся такім жаданьнем узрастаць у ёй, што хоць я не пакінуў іншых справаў, пачаў ставіцца да іх нашмт больш стрымана. Не прайшло і году, як усе, хто прагнуў больш чыстага жыцця, прыйшлі вучыцца да мяне, хоць я быў толькі пачаткоўцам.
У Парыжы Кальвін сустракаецца зь іншымі маладымі людзьмі, прыхільнымі да ідэяў Рэфармацыі, распаўсюджвае па горадзе эвангелізацыйныя трактаты. 1 лістапада 1533 года новы рэктар Парыскага ўнівэсітэту Ніколя Коп выступіў з прамовай перад студэнтамі і выкладчыкамі, у якой заклікаў да жыцьця паводле Эвангельля.
У выніку Коп і ягоныя бліжэйшыя сябры, у тым ліку Кальвін, былі вымушаныя ўцякаць з гораду. Неўзабаве пасля гэтага Кальвін наведаў васьмідзесяцігадовага Лефэўра д'Этапля, пачынальніка рэфармацыйнага руху ў Францыі,які праракаваў яму: «Ты выбраны інструмэнтам Госпада. Празь цябе Госпад усталюе ў нашай краіне Сваё Валадарства».
У кастрычніку 1534 г. шмат плякатаў з крытыкай каталіцкага вучэньня былі разьвешаны па ўсім Парыжы, адзін зь іх - на дзьвярах каралеўскай спальні. Кароль Францыск І быў угнеўлены і пачаў жорсткі перасьлед прадстаўнікоў эвангельскага руху. Многія сябры і знаёмыя Кальвіна былі спаленыя на вогнішчы за сваю эвангельскую веру. Кальвін пакінуў Францыю і спыніўся ў Базэлі, дзе прысьвяціў сябе багаслоўю і напісаньню кнігаў.

Ён займаўся падрыхтоўкай да выданьня Бібліі на францускай мове. Тамсама ў 1535 годзе ён скончыў першы варыянт свайго галоўнага твору – «Настаўленьняў у хрысьціянскай веры». Кальвін пісаў гэтую кнігу, каб «сваім абвяржэньнем зласьлівых абвінавачаньняў абараніць гонар маіх братоў, сьмерць якіх была каштоўнай перад Госпадам».
Адкінуты прапаведнік
У 1536 годзе ён накіраваўся ў Стразбур, але ваенныя падзеі змусілі яго ехаць у аб'езд праз Жэневу. Жэнева толькі што прыняла Рэфармацыю, аднак гэта было зроблена, перш за ўсё, з палітычных меркаваньняў. «Шукалі ідалаў і іх палілі, і ў гэтым была ўся рэфармацыя. Паўсюль панаваў хаос», - узгадваў пазьней рэфарматар. Кальвін меркаваў спыніцца там толькі на адну ноч, але Гіём Фарэль, які прысьвяціў сябе пропаведзі Эвангельля сярод жэнеўцаў, знайшоў яго і заклікаў дапамагчы справе Рэфармацыі ў Жэневе.
Калі Кальвін пачаў адгаворвацца, што ён больш навуковец, чым прапаведнік, і больш бачыць сябе ў напісаньні кнігаў, а ня працы з людзьмі, Фарэль сказаў: «Ты адгаворваешся сваімі заняткамі. Але ад імя Усемагутнага Бога абвяшчаю табе: ты сьцягнеш на сябе Божы праклён, калі адмовіш сваёй дапамогі справе Божай і будзеш больш клапаціцца пра сябе, а не пра Хрыста». Кальвін вырашыў застацца.
Сваю дзейнасьць у Жэневе Кальвін пачаў з выданьня Жэнеўскага вызнаньня веры і катэхізіса. Вызнаньне, якое паводле Кальвіна мусілі падпісаць усе грамадзяне Жэневы, пачыналася са словаў: «Перш за ўсё падкрэсьліваем, што нашым прагненьнем зьяўляюцца паводзіны ў адпаведнасьці са Сьвятым Пісьмом, якое адно толькі ёсьць стандартам веры і рэлігіі».
Кальвін нёс служэньне ў Жэневе на працягу двух гадоў. У 1538 годзе Кальвін і Фарэль былі выгнаныя з Жэневы за адмову дапусціць да хлебаламаньня адлучаных і пропаведзь насуперак забароне гарадской рады. «Калі б мы служылі людзям, мы б мелі цяпер марную плату, але мы служым вялікаму Богу, Які ўзнагародзіць нас шчодра», - сказаў Жан Кальвін, калі яму паведамілі, што ў 72 гадзіны ён мусіць пакінуць Жэневу.
Гады станаўленьня
Кальвін зьехаў у Базэль, дзе намерваўся аднавіць свае навуковыя заняткі. Аднак гэтаму не наканавана было ажыцьцявіцца. Марцін Буцэр запрасіў яго прыехаць у Стразбур, каб стаць пастарам невялікай грамады францускіх уцекачоў. Кальвін адмаўляся, пакуль Буцэр не пачаў пагражаць яму прыкладам Ёны.
Нягледзячы на беднасьць, гады, праведзеныя ў Стразбуры, былі ці не найлепшым часам у жыцьці Кальвіна. Ён меў добрыя адносіны з Буцэрам і іншымі рэфарматарамі і атрымаў магчымасьць арганізоўваць жыцьцё царквы так, як гэта бачыў у Бібліі. Ва ўзросьце 30 год Кальвін пачаў думаць пра сужонства. Калі сябры пачалі прапаноўваць яму розныя кандыдатуры, ён напісаў: «Адзіная прыгажосьць, якая прываблівае мяне, гэта прыгажосьць жанчыны багабойнай, ахвярнай, ня зьедлівай, ашчаднай, цярплівай, якой я змагу даверыць клопат пра сваё здароўе».
Гэтыя чаканьні павінна была апраўдаць удава аднаго анабаптыста, які далучыўся да царквы Кальвіна. У жніўні 1540 г. Гіём Фарэль вянчаў Жана Кальвіна і Ідэлету Штордэр. На жаль, іх сужонства не было доўгім. Калі ў 1549 годзе Ідэлета памерла, рэфарматар вельмі цяжка перажываў гэта. Праз шмат год у лістах ён пісаў пра вялікую рану і смутак, якія ён меў з гэтай прычыны.

Пакуль Кальвін знаходзіўся ў Стразбуры, царква ў Жэневе апускалася ўсё ніжэй. У рэшце рэшт, у 1540 годзе магістрат у адчаі папрасіў Кальвіна вярнуцца. Рэфарматар спачатку адмовіўся, але «сур'ёзны і адказны погляд на мае абавязкі перамог і прывёў да рашэньня вярнуцца ў статак, ад якога я быў адарваны, але Госпад - сьведка, зь якой тугой, сьлязьмі, вялікім непакоем і адчаем я зрабіў гэта».
Пастар Жэневы
Кальвін вярнуўся ў Жэневу ў 1541 годзе. Страхі яго апраўдаліся цалкам. Ён мусіў весьці доўгую і зацятую бітву за духоўную самастойнасьць жэнеўскай царквы і ўвядзеньне царкоўнай дысцыпліны. Тыя правілы, якія ён імкнуўся ўсталяваць (уключаючы нашэньне канкрэтнай вопраткі і забарону на танцы), былі пераважна традыцыйнымі сярэднявечнымі правіламі.
Новым жа было тое, што рэфарматар насамрэч вырашыў увасобіць іх у жыцьцё, і ўвасобіць ва ўсім жэнеўскім грамадзтве, не выключаючы і кіроўнага стану. На працягу многіх год Кальвін сутыкаўся з жорсткім супрацівам магістрату, аднак у рэшце рэшт ягоныя апанэнты былі пераможаныя і рада ў горадзе стала выступаць на баку Кальвіна. У апошнія гады свайго жыцьця ён быў досыць паважаным чалавекам, хоць ягоныя правілы не заўсёды выконвалі.
Складаныя пытаньні
Пра Кальвіна ніколі не існавала добрай думкі. Ён пісаў пра сябе ў 1559 годзе: «Не было ніводнага чалавека, на якога бы так нападалі, джалілі і разрывалі паклёпам». Словы гэтыя былі больш прарочымі, чым ён мог сабе гэта ўявіць. Яго асуджалі і асуджаюць да сёньняшняга дня за прыхільнасьць да дактрыны аб перадвызначэньні, пра якую вельмі выразна навучаў Аўгустын, большасьць сярэднявечных тэолягаў і ўсе рэфарматары. Сапраўды, Кальвін засяродзіў увагу на некаторых яе пастулятах, аднак ён не пераходзіў межаў, за якія выходзілі некаторыя сярэднявечныя тэолягі. У некаторай ступені дрэнная рэпутацыя Кальвіна - гэта заслуга ягоных вучняў, якія часта парушалі выразную раўнавагу ягонай тэалёгіі, робячы дактрыну аб перадвызначэньні цэнтрам і асновай вучэньня, у той час як сам Кальвін адводзіў ёй сваё асаблівае месца.
Кальвіна абвінавачваюць ў тым, што ён зрабіўся «дыктатарам Жэневы», хоць нават у самыя зорныя часы ягонай улады ён меў хутчэй маральныя паўнамоцтвы, чым юрыдычныя, і перад кожнай публікацыяй сваіх кнігаў павінны быў атрымліваць ухвалы гарадзкой рады. Толькі ў 1559 годзе Кальвін атрымаў грамадзянства Жэневы, а да 1555 году большасьць рады Жэневы была ў апазыцыі да Кальвіна.
Найбольш сур'ёзным абвінавачаньнем зьяўляецца ўдзел Кальвіна ў працэсе над Мігелем Сэрвэтам, які адмаўляў дактрыну Тройцы і шэраг іншых хрысьціянскіх дактрын. У 1553 годзе, калі праходзіў гэты працэс, здавалася, што Кальвін будзе выгнаны з Жэневы ізноў, пераважную большасьць Рады зноў складалі яго супраціўнікі, так што Сэрвэт быў амаль упэўнены ў сваёй перамозе і на судзе абвінавачваў Кальвіна ў герэзіі. Кальвін быў пакліканы ў суд у якасьці экспэрта адносна тэалягічных пытаньняў, і ягонае заключэньне было падтрымана ўсімі швайцарскімі багасловамі. У выніку паводле прысуду Жэнеўскага магістрату Сэрвет быў спалены на вогнішчы ў адпаведнасьці з законам Сьвятой Рымскай імпэрыі адносна герэтыкоў.
Цяжка сказаць, чаму Бог дапусьціў, каб гэта адбылося. Часам нават здаецца несправядлівым, што хаця ў XVI стагодзьдзі тысячы пратэстантаў загінулі мучаніцкай сьмерцю ад рук каталіцкіх інквізітараў, імя Кальвіна ачарняецца за ўдзел у адным працэсе. Але праз гэта Госпад выразна паказвае, што «ўсе саграшылі і пазбаўлены славы Божай», што нават такі чалавек, які стаў цудоўным інструмантам у руках Бога, не зьяўляецца бязгрэшным, і што ўсё нашае спадзяваньне павінна быць не на нашую праведнасьць, а на ласку Божую, якая зьяўлена нам у Ісусе Хрысьце.
Кальвін ня быў дасканалым, ён сам прызнаваў, што меў кепскі характар. Таксама ён быў нецярпімы, мяркуючы, што апазыцыя яго вучэньню ёсьць апазыцыяй Слову Божаму. Але Госпад выкарыстаў гэтага чалавека, каб падрыхтаваць цэлыя пакаленьні моцных людзей, упэўненых у сваіх выбарах, якія супрацоўнічаюць з Богам у выкананьні Ягонай волі, адважныя ў барацьбе, маюць моцны, цэласны характар і перакананыя, што Госпад даў у Сьвятым Пісаньні.
Сёньня хрысьціяне веры эвангельскай не падзяляюць цэлы шэраг палажэньняў багаслоўя Кальвіна, перадусім у пытаньнях прадвызначэньня і хросту немаўлятаў. тым ня менш, ягонае жыцьцё і вучэньне зьяўляюцца прыкладам, вартым вывучэньня і перайманьня.
Пераменены горад
Кальвін перамяніў Жэневу. Шатляндзкі рэфарматар Джон Нокс казаў: «Гэта самая дасканалая школа Хрыста, якая толькі існавала на зямлі з апостальскіх часоў. Лічу, што і ў іншых месцах Хрыста ісьцінна прапаведавалі, але такой шчыра рэфармаванай рэлігіі я ня бачыў ні ў якім іншым месцы». Гэта было вынікам строгай дысцыпліны, уведзенай Кальвінам. Тым жа, каму гэта дысцыпліна не падабалася, Кальвін раіў «пабудаваць такі горад, у якім яны хацелі б жыць, бо яны ня хочуць жыць тут пад уладай Хрыста».

На працягу 25 год свайго другога знаходжаньня ў Жэневе Кальвін прапаведваў прынамсі 5 разоў на тыдзень. Трымаючы ў руках толькі Біблію, ён у адзін год прамовіў 286 пропаведзяў і 186 багаслоўскіх лекцыяў. З 1549 году ягоныя пропаведзі занатоўваліся стэнаграфістамі.
Рэфарматар шмат вучыў пра пакліканьне чалавека. «Ніякая праца не зьяўляецца настолькі ганебнай або нізкай, калі ў ёй рэалізуем сваё пакліканьне, каб яна ў вачах Божых не зьзяла каштоўным бляскам», - казаў Кальвін. «Кожны на сваім мейсцы павінен усьведамляць, што яго пазіцыя нібыта варта, на якую ён пастаўлены Богам, што яму не адпавядае скакаць у розныя бакі і бяздумна зьмяняць хаду свайго жыцьця... Бог судзіць усе нашыя справы адпаведна нашаму пакліканьню», -- пісаў ён у «Настаўленьнях». Таму ня дзіўна, што Жэнева пачала перажываць сур'ёзны эканамічны ўздым.
Жан Кальвін стаў першым рэфарматарам, які разглядаў збаўленьне як справу Духа Сьвятога. «Ня можа быць сапраўднай веры, калі яна не запячатаная ў нашых сэрцах Духам Сьвятым», - абвяшчаў ён. – «Слова Божае не здабудзе поўні веры ў сэрцах людзей, калі ня будзе запячатана ўнутраным сьведчаньнем Сьвятога Духа».
Кальвін зьяўляецца адным з самых плённых пісьменьнікаў у гісторыі Царквы. Яго творчасьць была б непасільнай працай для двух іншых менш працаздольных людзей. Нягледзячы на частыя хваробы, ён напісаў мноства палемічных трактатаў, а таксама камэнтары да большасьці кніг Бібліі.
Клопат пра многія цэрквы
Кальвін шмат перажываў за сваю Бацькаўшчыну - Францыю, і многія ўцекачы, якія прыязджалі ў Жэневу, вярталіся на Радзіму, каб стаць там пастарамі французкіх пратэстанцкіх цэркваў, колькасьць якіх пастаянна павялічвалася. Для іх падрыхтоўкі Кальвін заснаваў Акадэмію. У гэты час з Жэневы няспынна выпраўляюцца місыянэры, перш за ўсё у Францыю, але таксама ў Галяндыю, Нямеччыну, Ангельшчыну і нават у Бразылію.

Адчуваючы адказнасьць за распаўсюд Слова Божага, Кальвін перапісваўся ледзь не з усімі пратэстантамі свайго часу. Ягоная карэспандэнцыя складае 11 тамоў, а сьпіс яго рэспандэнтаў выглядае як даведнік «Хто ёсьць хто» ў рэфарматарскай Эўропе.
«Пасьля Францыі ніводная з краінаў не прыцягвала большай увагі Кальвін, чым Польскае каралеўства [Польшча і Вялікае Княства Літоўскае],» - пісаў адзін з дасьледчыкаў ХІХ ст. Жан Кальвін прысьвяціў Жыгімонту Аўгусту выданьне Лісту да Гебраяў, а Мікалаю Радзівілу Чорнаму - каментары да Дзеяў Апостальскіх.
У 1557 годзе ў звароце да шляхты дзяржавы Ягайлавічаў, якія вызнаюць чыстае эвангельскае вучэньне, Кальвін заклікаў аб'яднацца прадстаўнікам розных дэнамінацыяў, бо нягледзячы на адрозьненьні, іх веравучэньні маюць унутранае адзінства: «Вы ж самі ведаеце, што трываласьць царквы заключаецца ня толькі ў адзінстве веравызнаньня, але і ў братэрскай згодзе, асабліва ў часы, калі вораг усімі сіламі прагне зьнішчыць царкву».
Памёр Жан Кальвін 27 траўня 1564 году. Незадоўга перад сваёй сьмерцю ён сабраў пастараў Жэневы, і сказаў ім: «Меў я мноства заганаў, якія вы зносілі цярпліва. Прашу Вас, прабачце мяне. А калі што заўважылі ўва мне добрае, тое прыйміце і насьлядуйце... Заўсёды я рабіў тое, што, як мне падавалася, патрабавала слава Божая».

Асаблівую ўвагу рэфарматар у сваіх апошніх словах зьвярнуў на цэласнасьць эвангельскай весткі, за якую ён змагаўся ўсё сваё жыцьцё. «Зважайце ня толькі на ваш абавязак адносна царквы, але таксама на ваш абавязак адносна грамадзтва», - зьвяртаўся ён да пастараў, якія атачылі ягоны ложак. Згодна з воляй рэфарматара, ён быў пахаваны «звычайным чынам», значыцца без цэрэмоніяў, помніка і нават надпісу на магіле, і таму на сёньняшні дзень ніхто ня ведае, дзе магіла Жана Кальвіна.
Спадчына Кальвіна
Жан Кальвін увайшоў у гісторыю хрысьціянства, як верны сьведка Хрыста, які з новай сілай даў Царкве:
- разуменьне усемагутнасьці і славы Божай;
- разуменьне дзеяньня Сьвятога Духа;
- патрэбу пошука і выкананьня волі Божай для ўсіх сфэраў жыцьця чалавека і грамадзтва;
- важнасьць выкананьня кожным хрысьціянінам свайго прызначэньня, якое ахоплівае як рэлігійнае, так і прафэсійнае, і грамадзкае жыцьцё;
-
прыклад аўтарытэтнага стаўленьня царквы да сьвецкай ўлады.
Прыклад Жана Кальвіна натхняў францускіх гугенотаў, галяндзкіх рэфрматараў, шатляндскіх прэсьвітэрыян, ангельскіх пурытан, паўночнаамерыканскіх каланістаў. Дзякуючы эвангельскім вернікам жыцьцё многіх краін і народаў непазнавальна змянілася, і ў гэтым ёсць немалая заслуга Кальвіна.
Спадчына Жана Кальвіна мела вялікую актуальнасьць у XVI стагодзьдзі, ня менш актуальная яна і сёньня. Прыклад уніклівага тэоляга, які стаў пастарам і змог даць прыклад пераўтварэньня, рэфармаваньня грамадзтва на аснове Слова Божага, крытычна неабходны хрысьціянам ХХІ стагодзьдзя.
Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасць Божую, аддавайце целы вашы ў ахвяру жывую, светлую, мілую Богу на разумнае служэнне ваша. І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але рэфармуйцеся праз аднаўленне розуму, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, што добрае і прыемнае ды дасканалае (Рымлянаў 12:1-2).
Падобныя матэрыялы (па тэгу)
- Библейская гражданская доктрина на примере Америки и Восточной Европы – Брюс Андерсон [видео]
- Бизнес и экономика — Ваутер Друпперс [видео]
- Ток-шоу «Баланс между аполитичностью и заполитизированностью евангельских веруючих» [видео]
- Ток-шоу «Европейские ценности. Подмена понятий» [видео]
- Ток-шоу «Контуры будущего. Глобальные вызовы ХХІ века» [видео]