Menu
RSS
logo
Вы тутГалоўная/Рэсурсы секцый/Мастацтва/Некалькі тэзісаў пра мастацтва

Некалькі тэзісаў пра мастацтва

Некалькі тэзісаў пра мастацтва

Кожны з нас штодзень судакранаецца з творамі мастацтва, нават калі ён ні прафесійна, ні аматарскі не займаецца творчай працай. Мастацтва, у тым шырокім значэнні, у якім я ўжываю гэтае слова, мае ў сабе не толькі «высокае мастацтва», то бок жывапіс, паэзію, скульптуру, класічную музыку, але таксама і раманы, тэатр, кіно, поп- і рок- музыку.

Таму я хачу паразважаць аб хрысціянскім разуменні мастацтва ўвогуле. Якім чынам мы, стваральнікі і сузіральнікі прыгожага, мусім разумець і ацэньваць яго? Я знаходжу па меншай меры адзінаццаць дакладна акрэсленых тэзісаў, у адпаведнасці з якімі хрысціянін можа вывучаць і ацэньваць творы мастацтва. Яны маюць тое асноўнае, што хрысціяніну неабходна ведаць у гэтай галіне.

Тэзіс першы: Мастацтва як мастацтва

Першае і самае галоўнае: твор мастацтва каштоўны сам па сабе. Гэта вынік творчасці, а творчасць каштоўная, таму што Бог ёсць Творца. Першы сказ Бібліі сцвярджае творчае дзеянне Бога: «Спачатку стварыў Бог неба і зямлю». Па сутнасці, творчы дар – гэта частка Божага вобразу.

Тэзіс другі: Мастацтва ўзмацняе ўспрыняццё свету

Вобраз свету, адлюстраваны ў мастацтве, становіцца яскравей, незалежна ад таго, які ён сапраўды. Ступень уздзеяння любога сцверджання, няважна, праўдзівае яно ці ілжывае, павялічваецца, калі яно выражана вершамі ці прозай, а не сухой бескаляровай фармулёўкай.

mastak2Нацюрморт з садавіной. Балтазара ван дэр Аста, Галяндыя, XVIIст.

Тэзіс трэці: Агульнапрынятыя азначэнні, агульнапрыняты сінтаксіс

Ва ўсіх літаратурных формах – і ў паэзіі, і ў прозе – надзвычай важна вызначыць, наколькі адрозніваецца суб’ектыўнае ўспрыняццё лексікі і сінтаксіса ад агульнапрынятага. Шматлікія сучасныя пісьменнікі пытаюцца адысці ад стандартаў у мове, але калі ў іх наогул няма нейкай адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі, то чытач ці слухач не можа зразумець, пра што кажа аўтар.

Тэзіс чацвёрты: Мастацтва як духоўнасць

Той файкт, што нейкі аб’ект з’яўляецца творам мастацтва, яшчэ не робіць яго духоўным. Мы як хрысціяне павінны разумець, што мастак, нават самы вялікі, адлюстроўвае ў літаратурным творы ці на палатне сваё бачанне свету. І мы не абавязаныя аўтаматычна пераймаць яго пункт гледжання. Слушнасць светаразумення мастакоў павінна разглядацца ў незалежнасці ад эстэтычных каштоўнасцяў іх твораў.

Тэзіс пяты: Крытэрыі ацэнкі твора мастацтва

Я мяркую, што існуюць чатыры асноўныя параметры, па якіх варта ацэньваць твор мастацтва:

1. Тэхнічнае майстэрства. Разглядаючы тэхнічнае майстэрства як адзін з самых важных аспектаў творчасці, мы часта прызнаём мастака вялікім, нават калі не згодныя з ягоным светапоглядам. Мы будзем несправядлівыя да мастака, калі абвясцім яго працу нічога нявартай толькі таму, што не падзяляем яго поглядаў на жыццё. Да працы трэба ставіцца паважліва, таму тэхнічнае майстэрства — важны крытэр.

2. Сапраўднасць. Тут маецца на ўвазе, ці верны мастак сабе і сваім поглядам, ці ён працуе толькі дзеля грошаў альбо прызнання.

3. Інтэлектуальны змест, у якім адлюстроўваецца светапогляд мастака. Што тычна хрысціяніна, то ягоны погляд на свет, выражаны ў серыі прац, павінен быць ў адпаведнасці са Святым Пісаннем, апірацца на Слова Божае. Калі мы, хрысціяне, паглядзім на палатно мастака і прызнаем у ім вялікага маляра паводле яго тэхнічнага майстэрства і сапраўднасці (калі ён на самой справе такі), то мы будзем справядлівыя да яго.

mastak3«Прыповесьць пра сьляпых» Пітэр Брэйгель Старшэйшы, Галяндыя, XVIст. 

Але пры гэтым мы маем поўнае права сказаць, што ягоны погляд на свет няверны, калі ён разыходзіцца са Словам Божым. Мы можам асудзіць яго светапогляд так, як асудзілі бы погляды любога іншага - філосафа, працоўнага, бізнэсмэна.

У хрысціянскім складзе думак няма месца панятку багемнай свабоды, які ўвёў Ж.-Ж. Русо і які быў вельмі папулярны ў сучасным яму грамадстве. Русо шукаў нейкай аўтаномнай свабоды і садзейнічаў зʼяўленню суполкі "супермэнаў". Гэтыя людзі безразважна пражылі сваё жыццё, без увагі на нормы маралі. Доўгі час падобнае багемнае жыццё лічылася ідэалам для мастака, а ў апошні час - і не толькі.

У хрысціянскім складзе думак няма месца панятку багемнай свабоды, які ўвёў Ж.-Ж. Русо і які быў вельмі папулярны ў сучасным яму грамадстве. Русо шукаў нейкай аўтаномнай свабоды і садзейнічаў зʼяўленню суполкі "супермэнаў". Гэтыя людзі безразважна пражылі сваё жыццё, без увагі на нормы маралі. Доўгі час падобнае багемнае жыццё лічылася ідэалам для мастака, а ў апошні час - і не толькі.

Мы павінны разумець: калі штосьці няправільнае ці амаральнае сцвярджаецца праз вялікае мастацтва, то гэта можа апынуцца больш разбуральным, чым калі бы прапагандавалася з дапамогай рамеснікаў. Чым больш яскравы мастацкі твор, тым больш важна строга ацэньваць адлюстраваны ў ім погляд на свет згодна з законам Хрыста і Бібліі.

Але тыповы акурат супрацьлеглы падыход. Звычайна большасць людзей думаюць, што чым вышэй мастацтва мастака, тым менш крытычныя мы павінны ставіцца да яго разумення свету.

Ёсць яшчэ адзін момант у ацэнцы твора мастацтва. У сферы мастацтва можна вылучыць чатыры тыпы людзей. Па-першае, гэта адроджаны чалавек, які прыняў Хрыста як свайго Госпада і Збаўцу і ў сваёй творчасці цалкам прытрымліваецца хрысціянскага светапогляду. Другі тып - нехрысціянін, які выражае свой, нехрысціянскі погляд на свет. Трэці тып - таксама нехрысціянін, але які стварае, тым не менш, у кантэксце хрысціянскага разумення свету, пад уздзеяннем якога ён знаходзіцца. Чацвёрты тып - гэтп адроджаны хрысціянін, які, аднак, не разумее, што такое цэласны хрысціянскі светапогляд. У такім выпадку ў яго творчасці знаходзіць увасабленне антыхрысціянскі погляд на свет.

Інакш кажучы, як нехрысціянін можа быць непаслядоўным і паказваць Божы свет у незалежнасці ад сваёй асабістай філасофіі, так і хрысціянін здольны ўкладаць у свае працы нехрысціянскі змест. І гэта апошняя акалічнасць засмучае больш за ўсё.

mastak4«Скотны двор узімку» Пітэр Рубенс, Галяндыя, XVII ст. 

4. Адзінства зместу і спосабаў яго выражэння. У тых працах, якія можна назваць сапраўды вялікімі, змест заўсёды суадносіцца з манерай выражэння. У высокім мастацтве сродкі для выражэння светапогляду выбіраюцца згодна з гэтым светапоглядам. Аднак мастацтва нельга ацэньваць на падставе толькі аднаго гэтага крытэрыя.

Тэзіс шосты: Мастацтва можа перадаць любы змест

Усе віды мастацтва здольныя перадаць любы змест, ад абсалютнай выдумкі да падрабязнай гісторыі.

Тэзіс сёмы: Розніца стыляў

Шматлікія хрысціяне, асабліва тыя, хто не звык цешыцца мастацтвам і разважаць над ім, адмаўляюць сучасную паэзію і жывапіс не праз светапогляд іх аўтараў, а толькі таму, што яны пужаюцца новых формаў мастацтва. Відавочна, што стыль і формы мастацтва змяняюцца, і ў гэтым няма нічога дрэннага.

А як наконт хрысціянскага мастацтва? Тут трэба падкрэсліць тры рэчы. Па-першае, хрысціянскае мастацтва сёння павінна быць мастацтвам дваццаць першага стагоддзя. Мастацтва змяняецца. Змянецца мова. І калі хрысціянскае мастацтва будзе несучасным, яго складана данесці да сэрцаў. Па-другое, хрысціянскае мастацтва павінна мець свае адметнасці ў розных краінах. Хрысціянскі мастак павінен увасабляць у сваіх працах культуру, да якой ён прыналежыць. І, па-трэцяе, хрысціянскі мастак павінен раскрываць свае ўяўленні пра сутнасць свету, сыходзячы з хрысціянскага светапогляду.

Тэзіс восьмы: Сучаснае мастацтва і хрысціянскі змест

Напачатку патрэбна размежаваць стыль і змест. Я вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што няма боскага і нябоскага стылю. Калі чалавек пытаецца зрабіць такі падзел, ён усё больш заблытваецца.

Аднак не варта памыляцца і наіўна лічыць, што стылі не маюць ніякай сувязі са зместам і сэнсам твора мастацтва. Стыль – гэта сістэма сімвалаў, гэта сродак для выражэння таго ці іншага светапогляду. Так, можна і патрэбна выкарыстоўваць стылі дваццатага стагоддзя, але нельга дапускаць, каб яны сталі праваднікамі ідэй, якія іх спарадзілі.

Хрысціянства нясе сво й уласны вечна новы змест, а не проста збор “рэлігійных” ісцін. Яно звернута да ўсяго чалавецтва, да яго розуму, эмоцый і эстэтычнага пачуцця. І тыя стылі, якія няздольныя адэкватна перадаць інтэлектуальны змест, не могуць выкарыстоўвацца для выражэння хрысціянскіх ідэй. Дабравешчанне – гэта, перадусім, вельмі глыбокі змест.

Форма, у якой выражаецца светапогляд, можа альбо аслабіць, альбо ўзмацніць яго змест, нават калі чытач ці глядач не заўсёды да канца ўсведамляюць гэта. У залежнасці ад таго, які шлях вы выберыце, вашая аўдыторыя заўважыць ці не заўважыць якіясьці аспекты зместу, і вы альбо павядзеце за сабой, альбо не. Вы павінны умець размаўляць з людзьмі.

mastak5«Апошняя вячэра» Пітэр Кук ван Альст, Галяндыя, XVI ст.

Хрысціянін у сваёй творчасці выкарыстоўвае разнастайныя прыёмы, тады яму неабходна разбірацца ва ўсіх гэтых пытаннях. І звяртацца да Духа Святога за дапамогай, каб вырашыць, калі вынаходзіць свой стыль, а калі запазычваць ці адаптаваць чыйсьці, а калі зусім не выкарыстоўваць той ці іншы стыль. І аб гэтым кожнаму творчаму чалавеку выпадае думаць усё жыццё, гэтае пытанне немагчыма вырашыць раз і назаўсёды.

Тэзіс дзявяты: Хрысціянскі светапогляд мае мажорныя і мінорныя бакі

Мінорны бок кажа нам, што свет ненармальны і жахлівы. Людзі, якія паўсталі супраць Бога і не прынялі Хрыста, навякі згубленыя; яны не разумеюць бессэнсоўнасць свайго існавання, і ў пэўным сэнсе яны маюць рацыю. Існуе і адваротны бок хрысціянскага жыцця. У гэтым свеце немагчыма жыць абсалютна бязгрэшным жыццём. У кожнага з нас ёсць грахоўныя і хітрыя намеры, і, нават ведаючы шлях да рэальнага выбаўлення ад іх, у гэтым свеце мы не дасягнем дасканаласці.

Мажорны бок супрацьстаіць мінорнай і кажа аб глыбокім сэнсе і мэце нашага жыцця. Бог ёсць, значыць усё мае сэнс. Апрача таго, чалавек створаны на Божы вобраз і падабенства, і таму таксама значны. З гэтага вынікае, што існуе любоў, сапраўдная любоў, а не проста сэкс. Існуе ісцінная маральнасць насуперак пустой умоўнасці. Існуе творчасць у замен механічнага канструявання. Такім чынам, мажорнае разуменне – гэта аптымізм у сферы быцця; усё значнае і мае сэнс.

Але самае важнае, што гэты аптымізм мае пад сабой цвёрдую аснову, ён абапіраецца на вечнага, асабовага Бога, Які існуе, Які валодае добрым характарам і Які стварыў усё на зямлі, а галоўнае – стварыў чалавека на Свой вобраз і падабенства.

У душы хрысціяніна і яго творчасці павінна быць месца і для мажорнай, і для мінорнай тэмы, таму што чалавек – грэшнае стварэнне, і ў хрысціян ёсць слабыя бакі. Але хрысціянскае мастацтва не засяроджваецца празмерна на гэтым, яно пераходзіць да мажорнай тэмы, таму што ёсць аптымістычны адказ.

Калі нашае мастацтва толькі падкрэслена аптымістычна, мажорна, то гэта не зусім хрысціянскае мастацтва, хутчэй, проста рамантычнае. Яно вядзе ў няверным накірунку, так як заснавана на ўяўленні, што хрысціянства мае толькі аптымістычную ноту.

Бывае так, што мінорная тэма ў мастака засланяе мажорную, і ён падкрэслівае анамальнасць Сусвету і згубленнасць у ім чалавека, і гэта ў роўнай ступені небіблійны падыход.

Тэзіс дзясяты: Змест хрысціянскага мастацтва

Хрысціянскае мастацтвае ні ў якім разе не абмяжоўваецца толькі рэлігійнымі тэмамі. Зірніце на Бога-Творцу. Хіба Яго стварэнні напоўненыя толькі рэлігійным зместам? Птушкі, дрэвы, горы? Калі Бог ствараў з нічога з дапамогай толькі Слова, Ён ствараў не адныя рэлігійныя аб’екты. Бог загадаў майстрам, якія працуюць ў створаным Ім свеце, адліць статуі валоў і львоў, выразаць кветкі для ўпрыгожвання храма.

Задумайцеся над гэтым. Калі Бог стварыў птушак, то яны дастойныя таго, каб мы рабілі іх выявы. Калі Бог стварыў неба, то яно дастойна таго, каб яго маляваць. Калі Бог стварыў акіян, то ён дастойны таго, каб пра яго пісалі вершы. Цудоўна, калі чалавек працуе як мастак на аснове створанага Богам.

mastak6«Партрэт старога ў чырвоным» Рэмбранд Ван Рэйн, Галяндыя, XVII ст.

Чалавек створаны на вобраз Бога, у гэтым яго кашоўнасць, таму ён важны аб’ект хрысціянскага мастацтва. Я кажу зараз не пра грахоўнасць людзей, а пра іх чалавечнасць. У Божым свеце важны кожны чалавек, таму хрысціянскі мастак павінен звяртацца да асобнага чалавека. Хрысціянскае мастацтва – гэта адлюстраванне асобы хрысціяніна ва ўсёй паўнаце.

Аднак, калі хрысціянства можа так шмат сказаць праз мастака і яго творчасць, то чаму ў наш час так мала твораў хрысціянскага мастацтва? Я думаю, што цяпер ужо адказ зразумелы: таму што мы забыліся на большую частку таго, што хрысціянства кажа пра мастацтва.

Тэзіс адзінаццаты: Асобны твор мастацтва і збор прац

У кожнага мастака ёсць свае праблемы пры стварэнні як асобнага твора, так і скончанай серыі прац. Ніводны майстар не можа выразіць усяго таго, што яму хацелася б, у адной-адзінай рэчы. З гэтага вынікае, што па адной рэчы нельга судзіць пра ўсю творчасць мастака ні нам, ні нават крытыку ці мастацтвазнаўцу. Пра майстэрства і светапогляд аўтара лепш казаць на аснове як мага большай колькасці прац. Калі чалавек пакліканы быць мастаком (у шырокім значэнні гэтага слова), то ён павінен ствараць вялікую і змястоўную серыю прац на працягу ўсяго свайго жыцця.

Напрыканцы я прапаную падумаць, як гэтыя тэзісы пра мастацтва могуць прымяняцца ў нашым хрысціянскім жыцці.

Жыццё хрысціяніна як твор мастацтва

Няма твора мастацтва больш важнага, чым само жыццё хрысціяніна, і кожны хрысціянін пакліканы быць мастаком і творцам свайго жыцця. Хай у яго няма талента пісьменніка ці кампазітара, але ў кожнага чалавека ёсць дар творчасці. І ў гэтым сэнсе жыццё хрысціяніна павінна быць творам мастацтва. Яно павінна несці праўду і прыгажосць у гэты згублены і роспачны свет.

уверх