Menu
RSS
logo
Вы тутГалоўная/Рэсурсы секцый/Царква і Грамадзтва/Сем прынцыпаў малітвы за краіну [відэа]

Сем прынцыпаў малітвы за краіну [відэа]

Сем прынцыпаў малітвы за краіну [відэа]

Украіна, мабыць, яшчэ ніколі не атрымлівала столькі малітваў, колькі іх было на працягу апошняга года. У Бібліі, і асабліва ў Старым Запавеце, ёсьць шмат прыкладаў заступніцкай малітвы за краіну.

За народ моліцца Майсей, Давід, Саламон, Данііл, Нээмія, Эздра, Павел і многія іншыя біблейскія героі. Менавіта Біблія адкрывае нам некаторыя прынцыпы таго, як нам трэба заступацца за краіну, каб наша малітва была эфектыўнай. Вось некалькі з гэтых біблейскіх прынцыпаў:

1НЕ ЎСЁ ЗАЛЕЖЫЦЬ ТОЛЬКІ АД БОГА. БОГУ ПАТРЭБНЫЯ ЛЮДЗІ 

«Неба - неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым» (Пс. 113: 24).

«Шукаў Я ў іх чалавека, які паставіў бы сьцяну і стаў бы перада Мною ў праломе за гэтую зямлю, каб Я не загубіў яе, але не знайшоў» (Эз. 22:30).

Бог можа не знайсьці людзей, якія яму неабходныя для ажыцьцяўленьня Ягонага плану выратаваньня зямлі. Пра гэта і напісана ў Іс.59: 16 «І бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка» ...

Ісьціну пра ролю чалавека ў Божым плане выратаваньня паказвае таксама гісторыя заступніцтва Абрагама за Садом: Быцьцё (18, 23-32) «Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці.»

Гэты біблейскі прынцып вядомы таксама ў сацыялогіі: для здзяйсненьня істотных пераменаў у грамадзстве неабходная крытычная маса людзей, якія зьяўляюцца носьбітамі ідэй, і яны здольныя прыўнесьці зьмены ў грамадзтва. Каб выратаваць Садом, Богу неабходная была крытычная маса праведнікаў у гэтым горадзе, але Ён так і не знайшоў яе ...

rovno

Што гэта за праведнікі? Якімі характарыстыкамі павінны валодаць гэтыя людзі, каб Бог выратаваў іх зямлю? Яны павінны ведаць Божае (біблейскае) бачаньне для сваёй краіны, быць гатовымі прысвяціць саміх сябе дзеля рэалізацыі гэтага бачаньня.

Ці ёсць на сёньня крытычная маса праведных, Божых дзяцей, якія зьяўляюцца носьбітамі Божага бачаньня для Украіны і якія гатовыя аддаць сваё жыцьцё, сваю працу, здольнасьці, усю сваю энергію, дзеля пабудовы Украіны Божай мары?

Нельга пакідаць гэтае пытаньне рытарычным!

2АДЗІНСТВА Ў МАЛІТВЕ -- ЗАРУКА ЯЕ ЭФЕКТЫЎНАСЬЦІ 

«Сапраўды кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго Нябеснага ...» (Мц. 18:19)

Малітвы Царквы маюць сваю сілу, калі ўзносяцца ў згодзе і адзінстве. Давайце ўспомнім нашы малітвы, якімі мы, эвангельскія хрысьціяне, маліліся год таму, яшчэ ў часы Майдана: «Адзін моліцца аб здароўі цара, а другі за спачын». Богу каго слухаць?

mkiev

Або давайце прааналізуем сучасныя малітвы пратэстантаў Украіны і малітвы баптыстаў, пяцідзесятнікаў, харызматаў Расіі. Усе мы молімся аб адной справе -- расейска-ўкраінскай вайне, але наколькі розныя нашыя малітвы.

Адразу ўзнікае пытаньне: «А што думае Бог наконт украінска-расейскай вайны?» Бо Ён не абстрактны, Ён Асоба, у Яго абавязкова ёсьць свой, дасканалы, адзіны праўдзівы погляд на гэтую сферу.

Менавіта адгэтуль бярэцца і трэці прынцып, як маліцца за сваю краіну:

3МАЛІЦЦА ЗГОДНА З ВОЛЯЙ БОГА 

Першае прыказаньне з усіх, якія Бог наказвае, гучыць так: «Слухай Ізраіль ...». Галоўная мэта малітвы пачуць, якая ёсьць воля Божая. Мэта хрысьціянскай малітвы заключаецца не ў тым, каб пераканаць Бога (менавіта так моляцца язычнікі). Мы не здольныя змяніць дасканалую волю Усявышняга. Наша мэта - зьмяніць сябе, дакладней дакрануцца да волі Госпада і абвясьціць: «Будзь воля Твая тут, на зямлі, як яна ўжо ёсьць у Цябе на нябёсах». А Яго воля (і для Украіны) «не на зло, але на дабро, каб даць будучыню і надзею». (Яр. 29)

Быцьцё (15,6): «Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць». Вера Абрагама, якая спадабалася Госпаду, гэта не проста ягоная моцная воля, адсутнасць сумневаў у Божым абяцаньні. Гэта хутчэй жаданьне Абрагама паводле жаданьня Бога. Абрагам пачаў марыць пра тое ж, пра што даўно марыў Бог - пра народ, які жыў бы па прынцыпах праўды і справядлівасьці. Бог у рэшце рэшт знайшоў чалавека, які жадае і прысьвячае сваё жыцьцё дзеля рэалізацыі жаданьня Госпада. Неба спалучаецца зь зямлёй - дзеецца Божая гісторыя.

Праблема эвангельскіх хрысьціян на постсавецкай прасторы заключаецца ў фрагментарным сьветапоглядзе. Гэты сьветапогляд не зьяўляецца цэласным і гарманічным, а хутчэй наборам розных фрагментаў, якія ніяк не пасуюць адзін да аднаго. Гэта падобнае да таго, як кладуць плітку ў ванным пакоі, дзе кожная плітка зь іншай крамы, іншага колеру і зь іншага матэрыялу. Адна плітка біблейскага паходжаньня, іншая made in USSR, іншая ўзятая з постмадэрнісцкай культуры, а трэцяя з тэлевізійнай прапаганды. Духоўная эклектыка.

Сутнасьць хрысьціянства як сьветапогляду заключаецца ў тым, каб на ўсё глядзець вачамі Бога, для гэтага адзіным правільным інструментам зьяўляецца Біблія. Але пакуль нас больш фармуе культура, у якой мы жывем, чым Слова Божае, якое пранікае любую сферу жыцьця на зямлі. Пакуль што «нашы думкі не Божыя думкі, таму і нашы дарогі не зьяўляюцца Яго шляхамі» (Іс. 55,10).

cerkas 1

Словы Ісуса аб тым, што мы не ад гэтага сьвету не азначаюць, што нас не цікавяць справы, якія адбываюцца на зямлі, але хутчэй, што нашы думкі, наш сьветапогляд, нашы каштоўнасьці і прыярытэты - у дасканалым Царстве Божым, адкуль бярэм стандарты для розных сфер жыцьця на зямлі. Бо хоць мы не ад гэтага свету, але мы пасланыя ў гэты сьвет.

4У МАЛІТВЕ ТРЭБА АТАЯСАМЛІВАЦЦА СА СВАІМ НАРОДАМ 

Прынцып сьвятара - быць прадстаўніком Бога перад народам і народа перад Богам. «Мы - каралеўскае сьвятарства».

У сваіх малітвах Эздра, Нээмія і Данііл заўсёды, пры любых абставінах, атаясамлялі сябе са сваім народам. «І маліўся я Госпаду Богу свайму, і спавядаўся і сказаў: о, Госпадзе Божа вялікі і дзівосны, Які захоўвае запавет і міласьць тым, хто любіць Цябе і тым, хто выконвае запаведзі Твае! Мы саграшылі, дзейнічалі беззаконна, чынілі несправядлівасьць, упарціліся і адступалі ад запаведзяў Тваіх і ад пастановаў Тваіх. І не прыслухаліся да рабоў Тваіх прарокаў, якія казалі Тваім імем царам нашым, начальнікам і нашым бацькам, і ўсяму народу краіны» (Дан. 9, 4-6).

Хоць Данііл ніколі не рабіў ніводнага з гэтых грахоў, але ён, як сапраўдны сьвятар, прыносіць з сабой у малітве свой народ. Ён атаясамлівае сябе са сваім народам. Яшчэ больш радыкальна моліцца Майсей аб Ізраілі, кажучы: «Калі Ты хочаш зьнішчыць народ, то лепш вынішчы мяне разам зь ім».

herson 1

Нам, эвангельскім хрысьціянам, трэба больш ужываць слова МЫ ў адносінах да нашага народу. Дабраслаўлёны народ, які мае такіх сьвятароў. Грэх будзе дараваны і зямля адноўленая. Каб эфектыўна маліцца за Украіну, трэба яе любіць.

5РЭЧЫ ТРЭБА НАЗЫВАЦЬ СВАІМІ ІМЁНАМІ 

Кроў Ісуса ачышчае нас ад нашых грахоў толькі ў адным выпадку - калі мы прызнаем нашы грахі (гл. 1 Ян1,9).

Калі ў вас баліць нага і вы прыйшлі да доктара, але вы не называеце сваю хваробу, ён ня здольны вам дапамагчы. Трэба прызнавацца перад Богам у сваіх нацыянальных грахах, у сваіх недахопах і слабасьцях. Не дзеля крытыканства і негатывізму, але дзеля Праўды, якая робіць нас свабоднымі.

6НА ЎСЁ ТРЭБА ГЛЯДЗЕЦЬ ПРАЗ ПРЫЗМУ КРЫВІ ІСУСА ХРЫСТА 

«Кажа Госпад: Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, будуць белыя, як сьнег; калі будуць чырвоныя, як пурпура, як воўну адбялю» (Ісая 1:18).

Кроў Ісуса Хрыста здольная рабіць цуды як у жыцьці асоб, так і ў жыцьці цэлых народаў. Усе праклятае і страшнае можа перамяніцца ў слаўнае і прыгожае. Гэтая сіла ёсьць толькі ў крыві Ісуса Хрыста, у Ягонай ахвяры і Ягоным уваскрасеньні.

Гісторыя хрысьціянскіх прабуджэньняў дае нам шмат натхняльных прыкладаў, як мяняліся грамадзтвы пад уплывам веры ў Ісуса Хрыста, Ягонага Эвангельля і пакаяньня ў сваіх грахах. Яскравым прыкладам татальнага перамяненьня народа зьяўляецца Швейцарыя. Да 16 стагодзьдзя гэта быў народ жаўнераў-наймітаў, якія за грошы ваявалі на чужых землях у чужых інтарэсах. Гэта сапраўдны праклён, калі маці нараджаюць сыноў, каб яны паміралі ў чужых войнах. Але ўсё зьмянілася ў Швейцарыі пасьля Рэфармацыі ў 16 стагодзьдзі. Менавіта тады гэты край перажыў вялікае біблейскае прабуджэньне, і з тых часоў найбольш ваяўнічая нацыя Эўропы стала ўзорам міру. Швейцарыя не прымала ўдзелу ні ў першай, ні ў другой сусьветных войнах.

7МОЛЯЧЫСЯ, ТРЭБА БЫЦЬ ГАТОВЫМ ДА ДЗЕЙНІЧАЦЬ 

Малітва перад Богам не будзе мець вартасьці, калі мы не гатовыя таксама і дзейнічаць у адпаведнасьці з нашай малітвай. Вялікі айцец Заходняй Царквы сьв. Бенедыкт вучыў: «Ora et Labora», што з латыні перакладаецца як «Маліся і працуй». «Не кожны, хто кажа Мне: Госпадзе! увойдзе ў Царства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго Нябеснага» (Мц. 7, 21). У малітве самае важнае - пачуць, якая ёсьць воля Божая, адказаць «амін» і быць гатовым яе выконваць.

Украіна стала цэнтрам сьвету - увага сусьветных медыя, палітыкаў і грамадзкасьцяў на розных кантынентах засяроджана на падзеях ва Ўкраіне, бо ад гэтага залежыць далейшае развіцьцё і бясьпека чалавецтва. Але ў Божых вачах самай важнай зьяўляецца пазіцыя Ягонага народа. Што думае, як сябе паводзіць, як і за што моліцца Ягоная Царква. Мы ... Ягоныя вочы. Ад нас так шмат залежыць на гэтай зямлі.

Яраслаў Лукасік атрымаў ступень магістра філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Зьяўляецца заснавальнікам Царквы «Ян Прадвесьнік» у Менску і яе шматгадовым старэйшым пастарам. У 2001 г. Яраслаў ініцыяваў у Беларусі Рух Новай Рэфармацыі, які аб'яднаў шмат цэркваў розных дэнамінацыяў для распаўсюджваньня хрысьціянскага светапогляду ў беларускім грамадзтве.

З 2008 г. пражывае ў Кіеве разам з жонкай Натальляй і з чатырма дзецьмі. Ва Ўкраіне Яраслаў праводзіць «Школу Рэфармацыі Грамадзтва». У канцы 2010 г. разам з камандай маладых хрысьціян пачаў «Падольскі клюб» - праект, закліканы дапамагаць веруючым думаць, а думаючым верыць. З 2011 г. служыць у якасьці дырэктара Ўсходнеэўрапейскага Лідарскага Форуму.

уверх